“Свабодная, незалежная Беларусь, якая самастойна кіруецца і самавызначаецца, — гэта адзін са слупоў бяспекі Польшчы”, — заявіў маршалак польскага Сейма Шыман Галоўня на прэс-канферэнцыі па выніках перамоў з беларускай дэмакратычнай лідаркай Святланай Ціханоўскай 9-га студзеня ў Варшаве.
“Мы мусім думаць пра Беларусь як пра нашага партнёра, і пра ўсіх, хто ў Беларусі гераічна супрацьстаіць злу, як пра саюзнікаў у справе пабудовы бяспекі ў гэтай частцы Еўропы”, — дадаў ён.
“Усведамляючы, што сёння ў Беларусі адбываецца, памятаючы пра [палітвязня] Анджэя Пачобута, памятаючы пра гэтыя ўсе жудасныя сітуацыі, якія маюць там месца, хачу запэўніць пані прэзідэнта і ўсіх членаў дэлегацыі, што свабодная Беларусь у інтарэсах свабоднай Польшчы, у сэрцы свабоднай Польшчы. І што Польшча зробіць усё, каб Беларусь была свабоднай краінай свабодных людзей”, — сказаў польскі палітык.