На днях у Дацкім каралеўстве пасьля 50 гадоў кіраваньня каралевы Маргрэты ІІ каралём стаў яе сын, Фрэдэрык Х. А ці ведалі вы, што нашыя краіны зьвязвае даўняя гісторыя кроўных сувязяў манархаў? Сафія Менская, дачка полацкага князя Валадара Глебавіча і праўнучка легендарнага Ўсяслава Чарадзея, пакінула па сабе крывіцкі сьлед у эўрапейскіх каралеўскіх дамах. Паглядзім!
Пра Сафію Менскую адкрыцьцё зрабіў ужо амаль 20 гадоў таму гісторык Андрэй Катлярчук. Дачка князя менскага, а пазьней і полацкага Валадара Глебавіча (памёр у 1161 годзе) Сафія нарадзілася каля 1141 году, напэўна, у Менску.
У сярэдзіне XII стагодзьдзя Полацкая зямля знаходзілася на вяршыні сваёй магутнасьці. Полацкая дзяржава валодала ня толькі замкамі Кукенойс і Герцыке ў ніжнім цячэньні Заходняй Дзьвіны (сёньня гэта тэрыторыя Латвіі), але і кантралявала Рыскую затоку і разам зь ёй Усходнюю Балтыку.
Менскі князь Валадар у той час быў таксама князем Полацкім. Ён быў з дынастыі Рагвалодавічаў. Жонкаю Валадара была польская князёўна Рыкіса. Ня выключана, што Валадар пазнаёміўся зь ёю, хаваючыся ў Польшчы. Там ён ратаваўся ад кіеўскага палону і высылкі ў Бізантыю. Рагвалодавічы вялі актыўную замежную палітыку, таму не павінен выклікаць зьдзіўленьня ўзяты ў 1157 годзе шлюб дачкі князя Сафіі з дацкім каралём Вальдэмарам І, адным з наймагутнейшых каралёў дацкай гісторыі (на пасадзе з 1157 году па 1182) з дынастыі Эстрыдсэнаў.
Як піша Андрэй Катлярчук, запісы пра гэты шлюб зьмяшчаюць летапісы ХІІ стагодзьдзя «Славянская хроніка» Арнольда зь Любэку і «Граматыка Саксаў», а ўскосныя згадкі пра Сафію — іншыя заходнеэўрапейскія крыніцы.
Сямейнае жыцьцё Вальдэмара і Сафіі было шчасьлівым. Яна нарадзіла двух сыноў і шэсьць дачок. Дзьве зь іх, згодна з полацкай традыцыяй, абралі кляштар. Астатнія ўзялі шлюб з тагачаснымі ўладарамі Эўропы.
Дзеці менскай князёўны і каралевы Даніі
Кнуд VI
Кароль Даніі пасьля сьмерці свайго бацькі, Вальдэмара І (1182-1202). Кнуд, якога летапісец усхваляе за яго пабожнасьць і ўраўнаважанасьць, але які наўрад ці быў выбітнай асобай, на працягу ўсяго свайго праўленьня дазваляў кіраваць сабой іншым людзям, такім як Абсалон, чыім прыёмным сынам ён называецца, і яго малодшаму брату, будучаму каралю Вальдэмару ІІ. У пачатку праўленьня Кнуда яму ўдалося здушыць небясьпечнае паўстаньне, якое амаль прыняло характар сялянскай вайны. Пры Кнудзе Данія падпарадкавала сабе Памэранію і зьдзейсьніла крыжовыю паходы ў сучасную Эстонію.
Вальдэмар ІІ Пераможца
Ён стаў спадчыньнікам свайго брата Кнута VI, які памёр бязьдзетным. Дацкая экспансія, яго бацькам, была працягнутая пры яго сынах Кнудзе і Вальдэмары. Спачатку Вальдэмар узяў Гальштэйн, Любека і Гамбург. Яму далі мянушку «Пераможца», таму што ён быў адным з найвялікшых заваёўнікаў у гісторыі Даніі, які замацаваў вялікія тэрыторыі ля Балтыйскага мора, такія як Памеранія і Эстонія.
Апошняя заваёва мела вялікае значэньне, бо, паводле легенды, менавіта тут Данэброг (нацыянальны сьцяг Даніі) упаў зь неба. Данія распасьціралася ад Эльбы і Ватавага (частка Паўночнага) мора на захадзе да Гданьска на ўсходзе а мяжа на поўдні была па рацэ Нецэ. Вальдэмар быў каралём да сьмерці ў 1241 годзе. Ён меў прынамсі 8 дзяцей, сярод іх і наступныя каралі Даніі – Эрык IV (1241-1250), Абэль (1250-1252), Крыстафэр І (1252-1259).
Інгеборга Дацкая
Інгеборга пабралася шлюбам з каралём Францыі Філіпам II Аўгустам. Філіп ІІ Аўгуст, кіраваў адным з крыжовых паходаў і зацьвердзіў статут Сарбоны. Як муж ён ня быў надта верны, як зазначае гісторык Алег Дзярновіч. Калі пабачыў магчымасьць павялічыць свае зямельныя ўладаньні, ён кінуў Інгеборгу, і за гэтае скасаваньне шлюбу ў 1200 годзе Папа Інакенці ІІІ адлучыў яго ад касьцёлу і наклаў на Францыю інтэрдыкт. Тым ня менш, кароль выпусьціў Інгеборгу з замку і стаў жыць зь ёй як з каралевай толькі пасьля сьмерці яе суперніцы. Дзяцей і новых каралёў Францыі ў яе не было.
Хелена Дацкая
Хелена стала жонкай князя Браўншвэйг-Люнэбурскага Вільгельма. У шлюбе нарадзіўся сын, пазьнейшы герцаг Браўншвэйг-Люнэбургскі на імя Ота Барнэт (1204-1252). Пасьля раньняй сьмерці яе мужа ў 1213 годзе яго брат, імпэратар Ота IV, стаў кіраваць Люнэбургам раней, чым сын Вільгельма Ота. Апошні быў прызначаны ў 1223 годзе сваім дзядзькам Генрыхам старэйшым спадчыньнікам уладаньняў нямецкага дома Вэльфенаў.
Нашчадкі ўнука Сафіі Менскай Ота Барнэта мелі вялікія тытулы і землі. Дачка Ота – Лізавета выйшла за Вільгельма ІІ Галяндзкага, графа Галяндыі і Зэляндыі (1235 —1256). Ён быў абраны нямецкім контркаралём у 1247 годзе і заставаўся ім да сваёй сьмерці.
Іх адзіны сын Флорыс V валадарыў як граф Галяндыі і Зэляндыі з 1256 па 1296 год. Яму прыпісваюць у асноўным мірнае праўленьне, мадэрнізацыю адміністрацыі, палітыку, спрыяльную для гандлю. У цэлым ён дзейнічаў у інтарэсах сваіх сялянаў за кошт шляхты, і займаўся вяртаньнем зямлі з мора (надзённая праблема ніжніх земляў – Нідэрляндаў). Яго драматычнае забойства, арганізаванае каралём Англіі Эдуардам I і графам Фляндрыі Гаем, зрабіла яго героем у Галяндыі.
Яго сын Ёхан I, граф Галяндыі, ажаніўся з Лізаветай, дачкой караля Англіі Эдуарда I.
Рыкса
Рыкса ўзяла шлюб з каралём Швэцыі Эрыкам Х Кнудсанам.
Сафія
Сафія, дачка Сафіі Менскай і Вальдэмара, выйшла за князя Арлямундзкага Зыгфрыда.
Марыя і Маргарэт
Гэтыя дочкі Сафіі Менскай пайшлі ў кляштар.
Наступныя пакаленьні нашчадкаў Сафіі
Разгледзець падрабязна ўсіх, вядома, не будзе магчымасьці на абмежаваным аб’ёме артыкула, але адзначым самае цікавае.
Пасьля трох сыноў Вальдэмара ІІ на дацкім троне — Эрык IV (1241-1250), Абэль (1250-1252), Крыстафэр І (1252-1259), да ўлады прыйшоў сын апошняга зь іх – Эрык V (1259-1286). Ён стаў асабліва вядомым дзякуючы апошняму паляваньню. Падчас паляваньня 22 лістапада 1286 года кароль і яго сьвіта шукалі прытулак у хляве. Тут Эрык быў забіты невядомымі з 56 нажавымі раненьнямі.
Матыў і асоба забойцаў сталі прычынай шматлікіх здагадак. На дацкім судзе ў Нюбаргу ў наступным годзе былі асуджаныя дзевяць шляхцічаў, толькі адзін зь якіх быў абвінавачаны ў забойстве караля. Астатніх абвінавацілі ў саўдзеле. Усе, як адзін, сваёй віны не прызналі. Зрэшты, гэты кароль не карыстаўся папулярнасьцю.
Пасьля каралём стаў ягоны сын Эрык VI (1286-1319). Але шаноўныя людзі, якія былі асуджаныя за забойства яго бацькі, вярнуліся пры падтрымцы караля Нарвэгіі і спустошылі ўзьбярэжжа Даніі. Да варожых харугваў далучыліся некаторыя магнаты і духавенства, у тым ліку брат Эрыка, Крыстафэр, які ў 1315 годзе быў вымушаны адправіцца ў выгнаньне. Эрык VI заваяваў сёньняшні нямецкі горад Расток і правёў першы рыцарскі турнір у Даніі. Эрык ажаніўся з дачкой швэдскага караля. У каралеўскай пары было 14 дзяцей, усе яны былі мёртванароджанымі або памерлі ў дзяцінстве.
Пасьля яго Крыстафэр, які вярнуўся з выгнаньня, стаў наступным каралём Даніі (1320-1332). Пасьля яго сьмерці Данія заставалася без караля да 1340 года, калі на трон узышоў малодшы сын Крыстафэра — Вальдэмар IV (1340-1375). Страшэнная эпідэмія (пандэмія?) чумы абрынулася на краіну падчас праўленьня Вальдэмара. Са сваёй жонкай ён меў шасьцёра дзяцей, але толькі адна, Маргрэта І, перажыла яго. Яна выйшла замуж за караля Нарвэгіі і мела сына Олуфа. Ён і стаў каралём Даніі (1376-1387) і адначасова Нарвэгіі.
Тым часам у Швэцыі швэды былі вельмі незадаволеныя сваім каралём Альбрэхтам III. Маргрэта пачала перамовы са швэдзкімі шляхцічамі, якія былі вельмі схільныя дазволіць Олуфу ўзысіці і на швэдзкі трон. Але перш чым Олуф ІІ здолеў аб’яднаць тры паўночныя краіны, ён памёр 3 жніўня 1387 года, калі яму ледзь споўніўлася 17 гадоў. Ён так і не ажаніўся і не пакінуў дзяцей. На ім і скончылася легендарная дацкая дынастыя.
Такім чынам Сафія Менская была жонкай аднаго і продкам 11 каралей Даніі на працягу больш чым двух стагодзьдзяў.
Ну а Сафію Менскую і Дацкую пасьля сьмерці, 5 траўня 1198 года пахавалі побач з мужам Вальдэмарам І у каралеўскай усыпальніцы ў саборы Сьв. Бэнэдыкта Нурсійскага ў Рынгстэдзе.
Альбо ўвозьмем унучку Сафіі Менскай, якая таксама была Сафіяй. Гэта была дачка Вальдэмара ІІ. Сафія выйшла замуж у 1230 годзе за маркграфа Брандэнбурга Юхана I, які разам са сваім братам Ота Набожным заснаваў Бэрлін, які ўпершыню згадваецца ў 1244 годзе. Сафіі давялося перажываць, што яе браты Эрык IV і Абэль ваявалі паміж сабой. Яна ўзяла на сябе пасярэдніцтва паміж імі і таму зімой 1247 года выправілася з Брандэнбурга ў Данію, нягледзячы на тое, што ў той час была цяжарная. Падарожжа выклікала раньнія роды, якія сталі прычынай яе сьмерці.
Дачка Эрыка IV – Сафія (галоўнае не заблытацца ў Сафіях!) была каралевай Швэцыі з 1260 па 1275 гады праз шлюб з каралём Швэцыі Вальдэмарам Біргерсанам. А іх дачка Рыкіса (памерла каля 1292 года), выйшла замуж за польскага караля Пшэмыслава II. Шлюб быў заключаны ў 1285 годзе. Ад гэтага шлюбу была адна дачка: Рыкса (Альжбэта) (1286 —1335), жонка чэшскіх каралёў Вацлава II (быў таксама і каралём Польшчы пад імём Вацлаў І) і Рудольфа I.
Нашчадкі Сафіі Менскай і сёньня жывуць у Даніі, Швэцыі і Нарвэгіі. Дакумэнтальна можна прасачыць празь некалькі дзясяткаў пакаленьняў прапра…(шмат разоў) унукаў і ўнучак жанчыны, якая хадзіла па Менску, мела крывіцкае паходжаньне і зьяўлялася непасрэднай сваячкай Рагвалода, Рагнеды, Ізяслава, Усяслава Чарадзея, Эўфрасіньні Полацкай і іншых нашых знакамітых герояў мінуўшчыны.