На нямецкім кінафестывалі, які пройдзе з 15 па 25 лютага ў Берліне, у праграме кароткаметражнага кіно знайшлася стужка нашага суайчынніка Паўла Мажара пад назвай «Непажаданае сваяцтва». У стужцы «Абраза» рэжысёра Глеба Асацінскага грае беларускі актор Сяргей Здаранкоў. Паведамляе Тарас Тарналіцкі ў тэлеграм-канале «Священный Белавуд»
«Непажаданае сваяцтва»
Выкарыстоўваючы вуліцы свайго берлінскага раёна ў якасці фону, рэжысёр з Беларусі даследуе сістэматычны характар расійскіх і беларускіх ваенных злачынстваў ва Украіне і аналізуе ўласную адказнасць за гэтую вайну.
У 2021 годзе Мажар паспяхова дэбютаваў з дакументальнай кароткаметражнай працай «Падручнік» («The Handbook»). Фільм распавядаў у схематычнай форме, як адбываліся рэпрэсіі летам 2020 года, падчас масавых пратэстаў. Больш пра яго можна пачытаць тут. Фільм атрымаў узнагароду на галандскім фестывалі IDFA у конкурсе кароткаметражнага дакументальнага кіно.
«Абраза»
У кароткаметражнай літоўска-амерыканскай стужцы «Абраза» рэжысёра Глеба Асацінскага грае беларускі актор Сяргей Здаранкоў. Сам фільм удзельнічае ў праграме «Generation 14plus 2024».
Фільм распавядае пра сямнаццацігадовага Яшу, які бунтуе супраць улады. Але ў СССР 1990 года адны супрацьлеглыя сілы больш небяспечныя за іншыя. Патрэба Яшы ў самавыражэнні падштурхне яго да прорвы непапраўнай шкоды.
Што тычыцца Сяргея Здаранкова, то ён скончыў Беларускі інстытут культуры і з 2007 года працуе ў Магілеўскім драмтэатры (цяпер, нібы, там не працуе). Актор таксама здымаецца ў розных расійскіх і беларускіх стужках і серыялах.