Філосафка і аўтарка кнігі «У рэвалюцыі жаночае аблічча. Выпадак Беларусі» Вольга Шпарага на навагоднім прыёме ў Патсдамскім ўніверсітэце атрымала «Прэмію Вальтэра за талерантнасць, міжнароднае разуменне і павагу адрозненняў». Універсітэт уручае гэтую прэмію з 2017 года. Сёлета ўпершыню яе атрымала беларуска.
«Атрымала ўчора прэмію Вальтэра — The Voltaire Prize for Tolerance, International Understanding and Respect for Differences — ва ўніверсітэце Патсдама. Пакуль вось неафіцыйныя фота, неўзабаве зраблю спасылку на афіцыйныя і сваю прамову. Яна была пра сітуацыю ў Беларусі, і вядома, пра беларускіх жанчын. Спадзяюся, усё гэта ў падтрымку нашай бачнасці, прынамсі ў нямецкамоўнай прасторы. І ў падтрымку ўсіх нас, пра што я і казала ў прамове», — напісала Вольга Шпарага на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
Вольга Шпарага нарадзілася ў 1974 годзе, вывучала філасофію ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і Рурскім універсітэце г. Бохума. Кандыдатка філасофскіх навук. Аўтарка трох манаграфій. Яе трэцяя кніга «У рэвалюцыі жаночае аблічча: выпадак Беларусі» выйшла ў чэрвені 2021 года ў нямецкім выдавецтве Suhrkamp і стала бэстсэлерам. У 2014 годзе Вольга Шпарага ўвайшла ў групу заснавальнікаў Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі (ECLAB), а ў жніўні 2020 года стала сузаснавальніцай Фемгрупы Каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі і Офіса па адукацыі для новай Беларусі. Цяпер жыве ў Берліне.