Выдавецтва «Янушкевіч» прэзентавала тры электронныя кнігі, якія ўжо можна набыць на Google Books. Выдавецтва «Gutenberg Publisher» анансуе выхад кнігі «Легенда Соннай Лагчыны»
Анлайн-навінкі ад выдавецтва «Янушкевіч»
«Хлопчык і сьнег» — падарожжа ў васьмідзясятыя ў жанры аўтафікшн, прыквел «Маіх дзевяностых». У ёй Альгерд Бахарэвіч, тады яшчэ Алег, расказвае пра сваё савецкае дзяцінства — пра 1975-1991 гады. Гэта гісторыя пра дзіцячыя страхі, пра ССД і ЦРУ, пра заняпад імперыі дзіцяці, падлетка і дарослага. Прыватная гісторыя асобы, якая перарастае ў гісторыю «пакалення з ключом на шыі», якое аднойчы адкрыла для сябе Беларусь.
«Час пустазелля» — спроба асэнсаваць бясчассе, у якім аказаліся беларусы пасля 2020 года. Рэальныя і выдуманыя гісторыі, выпадкова пачутыя фразы на розных мовах, мімалётныя уражанні, захапленні і ўспаміны, чалавечыя і нечалавечыя сляды, сюжэты, якія разгортваюцца проста на вачах, гісторыі, якія здарыліся даўно і ад якіх амаль нічога не засталося і тое, што можа напаўняць жыццё ў час дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Украіне, бясчассе ў Варшаве і Мінску, Гародні і Кракаве, іншых гарадах і мястэчках — Ганна Янкута паказвае ў кнізе свет вачыма беларускі, што апынулася ў вымушанай эміграцыі і спрабуе зразумець працэсы, якія адбываюцца цяпер у свеце.
«Дзіўная місія» — таямнічая гісторыя, разгадка якой акажацца нечаканай для самага прыгатаванага чытача. Захапляльны дынамічны сюжэт і нечаканыя павароты, паводзіны чалавека ў незвычайных умовах — характэрныя рысы прозы Сяргея Плескача.
Папяровыя асобнікі гэтых і іншых кніг выдывецтва «Янушкевіч» можна знайсці тут.
«Легенда Соннай Лагчыны» В. Ірвінга — перадзамова
Выдавецтва «Gutenberg Publisher» анансуе выхад кнігі класіка амерыканскай літаратуры Вашынгтона Ірвінга. Зборнік апавяданняў «Легенда Соннай Лагчыны» пераклаў на беларускую мову Андрэй Дубовік. Кніга выйдзе 10 лютага, перадзамова даступная на сайце выдавецтва.