Памёр дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША Кастусь Верабей

10 студзеня на 93-м годзе жыцьця ў Нью-Ёрку памёр беларускі грамадзкі дзеяч Кастусь Верабей (1931–2024), піша Беларускі інстытут навукі і мастацтва.

Кастусь Верабей нарадзіўся 25 верасьня 1931 г. у вёсцы Іванкавічы (цяпер Баранавіцкі р-н Берасьцейскай вобл.). Паходзіў з заможнай сялянскай сям’і. Бацька быў солтысам.

Пра жыцьцё пад савецкай уладай спадар Кастусь згадваў:

«На тыя часы жылі мы даволі заможна, пры канцы 1930-х мелі чатыры каровы. Былі ў сьпісе на вываз у Сібір, насушылі пяць мяхоў сухароў, прыгатавалі два мяхі з сырамі. І калі б не вайна, паехалі б усьвед за тымі чатырма-пяцьцю іванкавіцкімі сем’ямі».

У часе нямецкай акупацыі зь вёскі давялося перабрацца ў Баранавічы, каб унікнуць ціску партызанаў.

Ва ўспамінах захаваўся такі эпізод:

«Тры партызаны разам прыйшлі ў нашую хату па бацькавы боты. Матка прынесла ім боты, адзін пачынае іх апранаць, а другі крычыць: «У яго ёсьць лепшыя! Няхай аддае лепшыя!» Матка нясе лепшыя. «Аддавай зброю, што дасталася табе ад саветаў!», — не супакойваюцца нязваныя госьці. Ніякай зброі ў нашай хаце, канечне, не было, але на гэтым зьдзекі ня скончыліся: «Аддавай свайго нямецкага каня!» Маці пачынае даказваць, што конь сваёй гадоўлі, хоць і вялікі, але ніякі не нямецкі! Усё роўна аддавай! Забралі яны таго каня, але доўга на ім не праехалі: ён скінуў зь сябе партызана й вярнуўся да нас».

У 1944 г. разам з бацькоўскай сям’ёй Кастусь Верабей выехаў у Нямеччыну. Па сканчэньні вайны апынуўся ў беларускім лягеры DP у Ватэнштэце.

Вучыўся ў беларускай гімназіі, браў удзел у скаўтынгу. З успамінаў:

«Менавіта ў Ватэнштэце я бліжэй пазнаёміўся зь беларускай гісторыяй, мовай, літаратурай. Гэта былі незабыўныя часы ахвярнай і адданай працы на беларускай ніве. Тыя ж настаўнікі, якія вучылі нас у школе й гімназіі, працавалі задарма. … Збудавалі царкву, мелі пяць сьвятароў, але ніхто не згаджаўся служыць у царкве па-беларуску. Пагадзіўся толькі адзін расеец Ражановіч, які да расейскіх словаў прымешваў крышачку беларускіх»…

У 1951 г. Кастусь Верабей з бацькамі прыехаў у ЗША. Пасяліўся ў Нью-Ёрку. Спачатку працаваў «на фарме», потым на фірме па вырабе вокнаў. Шмат гадоў працаваў на дзяржаўнай працы: касіў траву, папраўляў дарогі, пілаваў дрэвы, чысьціў сьнег і г.д.

Спадар Кастусь быў актыўным у беларускім царкоўным жыцьці.

Ён згадваў:

«Да беларускага жыцьця я далучаўся паволі. Чытаў абвесткі ў «Беларусе», дапамагаў у розных справах. Так, разам зь іншымі маладымі хлопцамі прыводзіў да парадку будынак бруклінскай царквы, які спачатку быў у занядбаным стане. Вазіў па Нью-Ёрку япіскапа Васіля».

І яшчэ:

«Я быў сьведкам усіх тых спрэчак, скандалаў, што ўнесьлі раскол у беларускае рэлігійнае жыцьцё. Аднак сам удзелу ў іх ня браў. Як раней, так і цяпер прыяжджаю на службы ва ўсе беларускія прыходы, не зважаючы на назвы, прывязкі да таго ці іншага патрыярхату».

Кастусь Верабей пісаў зацемкі ў розныя эміграцыйныя пэрыёдыкі, найперш, газэту «Беларус». Быў сябрам Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня. У 1982–1993 гг. быў сябрам управы Нью-Ёрскага аддзелу арганізацыі. Доўгі час быў распаўсюднікам бюлетэню «Весткі й паведамленьні Ньюёрскага аддзелу БАЗА».

Кастусь Верабей быў пахаваны 20 студзеня на могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у Іст-Брансьвіку побач з жонкай.

Успаміны спадара Кастуся на пачатку 2000-х запісаў журналіст Аляксандар Адзінец для сваёй кнігі «Беларуская эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў».

budzma.org