19 чэрвеня 2024 года спаўняецца 100 гадоў з дня народзінаў Васіля Быкава. З гэтай нагоды Рада Беларускай Народнай Рэспублікі звярнулася да беларусаў з заклікам шырока адзначыць гэтую дату «ды прадэманстраваць нашую еднасьць у абароне нацыянальных каштоўнасьцяў».
«Быкаў узьняў беларускую літаратуру на сусьветны ўзровень і быў у першым шэрагу змаганьня за аднаўленьне незалежнасьці Беларусі, за нацыянальнае Адраджэньне. Ён не баяўся казаць праўду ў твар дыктатару і апошнія гады жыцьця мусіў правесьці на чужыне, — гаворыцца ў размешчаным на Facebook звароце. — Да гэтага часу ў сталіцы Беларусі, нягледзячы на шматгадовыя патрабаваньні грамадзкасьці, няма ні вуліцы Васіля Быкава, ні помніка выбітнаму пісьменьніку. Спыненыя і «быкаўскія дні» на ягонай малой радзіме, на Вушаччыне, якія штогод зьбіралі аматараў прыгожага пісьменства.»
«Беларусь адродзіцца, калі не скарыцца чужой сіле», — прыгадваюць словы Васіля Быкава аўтары звароту.
«Пры сапраўды беларускай уладзе юбілей пісьменьніка быў бы агульнанацыянальнай падзеяй, аднак цяперашні прамаскоўскі рэжым насаджае чужынскія сьвяты», — падкрэсліваецца ў звароце.
Рада БНР адзначае, што пакуль памяць Васіля Быкава не ўшанаваная належным чынам на дзяржаўным узроўні, беларусы на Радзіме і ў замежжы маюць «і нагоду, і абавязак прадэманстраваць усяму сьвету «імя і сілу беларуса», увасобленую і ў постаці вялікага пісьменьніка, і ў асобах лепшых дачок і сыноў Беларусі, якія змагаюцца за яе свабоду.»