1 лютага ў будынку Рыжскай ратушы (Rātslaukums 1) адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы беларускай мастачкі Вольгі Якубоўскай з сімвалічнай назвай “25 крокаў да Свабоды”. На выставе экспануюцца 25 карцін, прысвечаных 25 момантам беларускага супраціву. Арганізатарам выставы выступіла аб’яднанне беларусаў “Суполка” пры падтрымцы Рыжскай думы і Дацкага інстытута культуры ў Эстоніі, Латвіі і Літве.
Першая персанальная выстава спадарыні Вольгі ў Рызе была арганізаваная нашым таварыствам ў мінулым годзе ў сімвалічны для ўсіх беларусаў дзень – 25 сакавіка. З таго часу карціны мастачкі з серыі “Коцікі Свабоды” выстаўляліся на персанальных выставах ў Польшчы, Бельгіі, Італіі, Манака ды іншых краінах. Вольга Якубоўская з’яўляецца сябрам Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю Гонар”. На адкрыццё чарговай выставы ў файе Рыжскай думы сабралася вельмі шмат гасцей: прадстаўнікоў Саэйма ЛР, Рыжскай думы і іншых дзяржаўных інстытуцый Латвіі, сяброў, латвійскіх мастакоў і мастацтвазнаўцаў розных нацыянальнасцяў, прадстаўнікоў беларускай дыяспары і іншых меншасцяў.
Павіншаваць сп. Вольгу прыйшлі Віцэ-мэр Рыгі Лінда Озола,
дырэктарка Дацкага інстытута культуры ў Эстоніі, Латвіі і Літве Лізавета Дубінка-Гушча,
намесніца дырэктара Рыжскай Беларускай асноўнай школы Ганна Іванэ.
Гасцямі на адкрыцці выставы былі таксама Надзвычайны і паўнамоцны Пасол Латвіі ў Беларусі Эйнарс Сэманіс, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Аліна Коўшык, шматгадовы старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю Гонар” Вячка Целеш і іншыя вядомыя асобы.
Музычны падарунак у выглядзе беларускіх і ўкраінскіх песень на адкрыцці выставы падрыхтаваў украінскі гурт “Дівчата”.
Наведаць выставу “25 крокаў да Свабоды” ў файе Рыжскай Думы да 26 лютага можа кожны ахвотны ў працоўныя дні з 8-30 да 17-00, у пятніцу да 15-00. Для ўваходу ў будынак РД толькі неабходна мець з сабой дакумент, каб пацвердзіць асобу.
svitanak.eu,
здымкі Вячкі Целеша