Віцебскі культурменеджар Уладзімір Булаўскі не выйшаў на волю пасля «сутак»

Віцебскага музыку і культурменеджара Уладзіміра Булаўскага не адпусцілі на волю пасля «сутак», паведамляюць праваабаронцы. Булаўскі знаходзіцца за кратамі з 14-га снежня 2022 года.

Праваабаронцы і сябры мяркуюць, што Булаўскага асудзілі да новага адміністрацыйнага арышту. Яго трымаюць у ІЧУ на тэрыторыі СІЗА-2, яму не ўдалося сустрэцца з адвакатам

Ёсць звесткі, што 30-га снежня віцебскага актывіста вазілі з ІЧУ ў аддзел міліцыі Кастрычніцкага раёна Віцебска, найверагодней, для складання чарговага пратакола. У гэты дзень брат спрабаваў перадаць арыштаванаму перадачу, але яе не ўзялі, маўляў, у ІЧУ такога няма. Аднак увечары таго ж дня яго зноўку прывезлі ў ізалятар.

Дакладнай інфармацыі, за што асудзілі Уладзіміра Булаўскага ў сярэдзіне снежня, няма.

Вядома, што 14-га снежня Уладзімір Булаўскі трапіў за краты пасля затрымання трох асобаў, звязаных з дзейнасцю гастрапаба ROK’I PUB. Заснавальнікі ўстановы Ілля Кульман і Павел Пятрунін і сталы наведнік установы Дзмітрый Ларкоў былі асуджаны да 15-ці сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП за рэпосты так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Яны ўжо выйшлі на волю. Магчыма, Уладзіміра Булаўскага першы раз таксама асудзілі па гэтым артыкуле.

Цягам 2022г. яго некалькі разоў судзілі па адміністрацыйных справах — у лютым (15 сутак арышту паводле арт. 24.23 КаАП)), у ліпені (30 сутак арышту паводле арт. 24.23 КаАП), а ў снежні, падобна, ён быў асуджаны двойчы.

budzma.org