Мы яшчэ знаходзімся ў тым нявызначана-дзіцячым веку, калі нам яшчэ многае трэба тлумачыць, як на пальцах. Напрыклад, ставіцца спектакль ці здымаецца фільм пра якога-небудзь вядомага айчыннага дзеяча, дык неабходна яшчэ дадаткова расшыфраваць гледачу што гэта за асоба, як яе завуць, чым яна выбітная і г.д.
Такія думкі ў мяне ўзнікалі, калі я глядзеў новы спектакль тэатральнага рэжысёра і педагога Андрэя Саўчанкі „Святло ў цемры”.
Гэтая пастаноўка была прысвечаная трагічнай даце ў нашай гісторыі, калі ў ноч з пятніцы 29-га кастрычніка на суботу 30-га кастрычніка 1937 года была знішчана больш за сотня беларускіх культурніцкіх, грамадскіх, палітычных дзеячаў. Сярод паэтаў, празаікаў, фельетаністаў, публіцыстаў у гэтую страшную ноч расстралялі такіх значных асоб, як Міхась Чарот, Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Міхася Зарэцкі, Тодар Кляшторны, Юлі Таўбін, Масей Кульбак, Ізі Кульбак, Юрка Лявонны і многіх іншых.
Гэтыя героі, па-сутнасьці, сталі героямі спектакля Андрэя Саўчанкі.
Чаму, па-сутнасці? Таму што падобнае ўражанне падманлівае.
У гэтым чорна-белым дзействе дзейнічаюць умоўныя вучні, якія разыгрываюць і дэкламуюць перад намі асобныя вершы, празаічныя ўрыўкі, эпізоды з жыцця згаданых пісьменнікаў, але галоўныя тут не літаратары, а самі вучні, якія імкнуцца спасцігнуць сутнасць і веліч загінулых творцаў. Дзеянне адкрываецца ў нейкім умоўным класе, дзе стаяць парты, знаходзіцца вялікі квадратны экран, як своеасаблівы партал у свет расстраляных культурніцкіх дзеячаў, і выконвае таксама ролю школьнай дошкі для пэўнага ілюстратыўнага матэрыялу.
Вучні (хлопцы, дзяўчаты) эмацыйна асабліва не вылучаюцца, яны дзейнічаюць як адно цэлае і цікавыя не кожны паасобку, а як вобраз акурат нейкай умоўнай безназоўнай групы, якая пачала цікавіцца сваёй нядаўняй гісторыяй, якая толькі пачынае спасцігаць яе.
У пачатку спектакля ўсё ахутана туманам смутку, жальбы, смутнаглядства. Гэта павінна настройваць гледача на адпаведны мінорны лад і настрой.
Калі я глядзеў, як выканаўцы з аднолькава самотнымі інтанацыямі пачыналі дэкламаваць вершы Алеся Дудара альбо Міхася Чарота, то ў мяне напачатку ўзнікала пачуццё дыскамфорту.
Чаму пра сумнае і трагічнае трэба абавязкова гаварыць толькі сумна і трагічна?
Чаму ўсё павінна быць падпарадкавана толькі чорнаму і беламу?
Чаму няма якой-небудзь хуліганскай нечаканкі, расстраляныя ж героі былі жывымі, гарэзлівымі, маладымі і жыццё іх было напоўнена багаццем фарбаў і пачуццяў?
Так, першыя 30-40 хвілін такія думкі мяне не адпускалі, тое, што бачыў на сцэне (напрыклад, пластычныя сцэны з вяроўкай, якая звязвае персанажаў) раздражняла. Асабліва калі на экране з’яўляліся партрэты загінулых паэтаў, але не было аніяк папісана, што гэта, напрыклад, Юлі Таўбін, а гэта, Валеры Маракоў, калі прыводзіліся цытаты з вершаў, паэмаў і прозы, а гледачы не разумелі якога канкрэтна літаратара цытуюць, калі ўсё злівалася ў нейкую адну вусцішна-пластычную чорна-белую сімфонію смутку і жалю…
У мяне ўзнікалі тады тыя ж думкі, якія я напісаў у самым пачатку гэтага тэксту: мы ж, сённяшнія беларусы, яшчэ знаходзімся ў тым нявызначана-дзіцячым веку, калі нам усё трэба тлумачыць, як на пальцах.
Мы не ведаем сваіх аўтараў, мы ня знаем, пра што яны тварылі. Кожны партрэт, кожную цытату, кожны вершык, які з’яўляўся ў спектаклі, неабходна падпісваць, бо пакуль яшчэ ў пастаноўках такога кшталту неабходна спалучаць творча-эстэцкі бок з адукацыйным. Нас яшчэ неабходна адукоўваць, тлумачыць, хто ёсць хто.
Але затым, калі спектакль скончыўся (а ў ім, трэба быць справядлівым, панавалі не толькі журботныя матывы, але былі і жартоўныя сцэны, асабліва, калі гаворка вялася пра тэатральнага рэжысёра Уладзіслава Галубка) маё меркаванне памянялася.
Андрэй Саўчанка – рэжысёр пакутлівага пошуку.
Яму больш цікава разбірацца ў лабірынтах уласнай туманнай душы, чым даць партрэт страчанага расстралянага пакалення.
Яму, чыста эгацэнтрычна, важна зразумець, што ён сам думае пра гэтых пісьменнікаў, як яны адгукаюцца ў яго пачуццях і думках.
Усе гэтыя вучні-героі, якія ў белых прывідных кашулях хадзілі па сцэне, сядзелі за школьнымі партамі, дэкламавалі, стваралі нейкую загадкавую пластыку, усе яны – гэта сам Саўчанка, гэта яго думкі, а школьны клас – унутраны свет рэжысёра, дзе пануе змрок няведання, туга, пошук, кароткачасовая радасць ад нечаканых знаходак.
Мы знаходзімся ў галаве рэжысёра.
А калі так, то ён цалкам мае права не быць настаўнікам, ментарам, які вучыць нас, адукоўвае і раскрывае нам трагічны свет нашай літаратуры 1920-30-х гг., а Саўчанка, сам разгублены, трапяткі, вучань-пачатковец, які толькі-толькі сутыкаецца з гэтым матэрыялам, тут і зараз на сцэне спрабуе прааналізаваць яго, даць нейкую ацэнку, пакінуць сваё ўяўленне аб тым, што адбылося.
Ён такі ж вучань-пачатковец, як і кожны з гледачоў у зале.
„Святло ў цемры” – гэта не гісторыя знішчаных беларускіх літаратараў, гэта спектакль пра спробу Андрэя Саўчанкі (і кожнага з нас) спасцігнуць той трагічны момант ночы з 29-га на 30-га кастрычніка 1937 года.
Як Вергілій, рэжысёр праводзіць нас па пакручастых сцежках нашай калектыўнай свядомасці, якая імкнецца асэнсаваць мінулае.
Гэта гранічна шчырае выказванне.
Нечаканае ў сваёй натуральнай, амаль дакументальнай спробе выявіць свае адносіны да тых страшных падзей.
„Святло ў цемры” – пакуль першая прыступка.
Далей, калі Андрэй Саўчанка асэнсуе, усвядоміць, зразумее – тады, магчыма, праз год з’явіцца новы спектакль.
Спектакль ужо не пра нас, якія з такой пакутлівай апантанасцю хочуць разгледзець святло ў цемры нашага няведання, але ўжо і пра саміх творцаў: Міхася Чарота, Алеся Дудара, Валерыя Маракова і многіх іншых.
Будзем чакаць.