Кніжная навінка: «Беларусь у XXI стагоддзі паміж дыктатурай і дэмакратыяй»

У красавіку ў выдавецтве «Скарына» (Лёндан) зьявіўся пераклад навуковага зборніка «Беларусь у XXI стагоддзі паміж дыктатурай і дэмакратыяй». Па-ангельску кніга выйшла ў 2023 годзе ў буйным брытанскім навуковым выдавецтве Routledge зь ініцыятывы прафэсаркі палітычнай навукі і глабальнага ўстойлівага разьвіцьця Алены Карасьцялёвай, дацэнткі Ірыны Пятровай і дасьледніцы Настасьсі Кудленкі. 

Гэта першая ўсёадбымная і міждысцыплінарная спроба аналізу падзеяў у Беларусі 2020-2022 гадоў, прадпрынятая беларускімі у выгнаньні і заходнімі дасьледнікамі і дасьледніцамі.

У падрыхтоўцы зборніка прыняла ўдзел унікальная каманда вядучых навукоўцаў і практыкаў, здольная паглядзець на выклікі і перамены ў Беларусі з пунктаў гледжаньня палітычнай навукі, сацыяльнай філязофіі, гісторыі, сацыялёгіі, сацыяльна-эканамічных, прававых, міжнародных адносінаў. Каманда працавала супольна пад эгідай праектаў COMPASS і COMPASS+, ейныя ўдзельнікі-цы мелі розныя пасады (сябры Дарадчай рады, старшыя і малодшыя навуковыя супрацоўнікі-іцы), паходзілі з розных мясьцінаў (Беларусь, Вялікабрытанія, ЭЗ, іншыя рэгіёны). Праца была падтрыманая фондам дасьледаваньня глябальных выклікаў (GCRF, ES/P010849/1), ейнаму выкананьню спрыяла Оксфардзкая абсэрваторыя па Беларусі, заснаваная два гады таму для аналізу і абмеркаваньня пераменаў у краіне.

Сьціслую прадмову да манаграфіі напісала лідарка дэмакратычнага руху Сьвятлана Ціханоўская.

Зборнік складаецца з дванаццаці тэкстаў, сабрадзеных у тры вялікія тэматычныя часткі: 

Частка 1 «Яшчэ раз пра гісторыю, ідэнтычнасць і палітыку» аб’яднаная тэмай нацыі і нацыябудаўніцтва ў Беларусі, дзе асаблівае месца належыць аналізу дачыненьняў «дзяржава — грамадзтва».  

Частка 2  «Сацыяльна-эканамічныя ды інстытуцыйныя далягляды» прысьвечаная эканамічным і прававым працэсам у краіне з часоў атрыманьня незалежнасьці да 2020-2021 гадоў.

У частцы 3 «Змаганне за публічную прастору і ўзмацненне народнай суб’ектнасці» дасьледуецца зьяўленьне цалкам новага сацыяльнага руху, адрознага ад «НДА-цэнтрычнай» мадэлі грамадзянскай супольнасьці, што дамінавала на беларускіх прасторах да 2020 году, і паўсталая ўнутры названага руху народная суб’ектнасьць

Сярод аўтараў-ак вядомыя навукоўцы з розных дысцыплінаў: палітычная навука (Алена Карасьцялёва, Ірына Пятрова, Тацьцяна Чуліцкая, Элінар Біндман, Настасься Кудленка, Алена Сініцына), права (Томас Крусман, Людміла Д’Круз, Павел Кур’ян, Ганна С., Людміла Казак), гісторыя (Дэвід Р. Марплз, Андрэй Катлярчук, Андрэй Радаман, Натальля Чарнышова), міжнародныя адносіны (Віктар Шадурскі, Хуавэй Чжэн), эканоміка (Юлія Карасьцялёва, Кора Ньюман, Алесь Аляхновіч) і сацыяльная філязофія (Вэраніка Лапуцька). Аднак дзякуючы міждысцыплінарнаму падыходу межы паміж пазначанымі дысцыплінамі часта размываюцца і зьнікаюць.

Пераклад выкананы Ўладзімірам Паўловічам. Дзякуючы майстэрству перакладніка ўпершыню па-беларуску пададзеныя і патлумачаныя новыя паняткі сацыяльных навук: рэзілентнасьць, народная суб’ектнасьць, камплаенс, эмэргенцыя і пад.

Кніга адрасаваная шырокаму колу чытацтва: студэнт-к-ам, спэцыяліст-к-ам у сацыяльных і гуманітарных навуках, актывіст-к-ам грамадзянскай супольнасьці, а таксама ўсім, каму цікавая палітычная і сацыяльна-эканамічная праблематыка, зьвязаная зь Беларусьсю.

Цягам 2024 году плянуецца прэзэнтацыя кнігі ў Вільні, а таксама ў Польшчы. Кнігу ўжо можна набыць у Вільні ў Цэнтры беларускай супольнасьці й культуры. 

novychas.online