Беларускі даследчы ўніверсітэт плануецца адкрыць у замежжы. Што ён будзе сабой уяўляць? Ці могуць навукоўцы ўжо цяпер далучыцца да стварэння ўстановы?
На гэтыя і іншыя пытанні прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінету па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык адказала для racyja.com.
РР: Чаму ўзнікла патрэба адкрыць даследчы ўніверсітэт?
– Ідэя беларускага нацыянальнага ўніверсітэта вітае сярод беларускай інтэлігенцыі ўжо я думаю не адно дзесяцігоддзе. Спробы падысці да гэтай тэмы былі. Лічу, што гэтая тэма зараз надзвычай актуальная ў сувязі з тымі рэпрэсіямі, з якімі сутыкаюцца прадстаўнікі беларускай навуковай супольнасці. Асабліва прадстаўнікі тых галінаў, якія звязаныя з даследаваннем у шырокім значэнні беларусістыкі.
То бок беларуская мова, беларуская гісторыя, антрапалогія, сацыялогія, усе гуманітарныя дысцыпліны зараз заціснуты ў ціскі аўтарытарнага рэжыму. Шмат навукоўцаў былі звольненыя з працы. Гэта інтэлектуальны фонд нацыі. Калі мы не збяром гэтых людзей, калі мы не дадзім ім магчымасці для далейшай працы, для навуковага развіцця, то мы страцім цэлае пакаленне.
Гэта адкіне нас на гадоў 20-ць альбо 30-ць у інтэлектуальным развіцці Беларусі. З іншага боку гэты ўніверсітэт важны для будучых пакаленняў. Гэта той універсітэт, які можа стаць нашым беларускім Елем. Гэта той універсітэт, які можа вызначаць стандарты навучання і даваць, адкрываць дзверы ў выбітныя кар’еры для Новай Беларусі.
Таму мы вельмі натхняльна глядзім на гэтую ідэю, разумеючы яе маштаб, разумеючы яе складанасць. Але тая каманда, якая сабралася, якая амаль год працавала над усімі дакументамі і прэзентацыямі, якія сёння былі прадстаўлены, ёсць вынікам вялікага кансэнсусу і працы гэтых людзей. Таму ёсць велізарная матывацыя.
Я буду спрабаваць дапамагаць, як магу. Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што гэта не палітычны праект, гэта нацыябудаўнічы пракет, гэта праект для ўсіх, ён вельмі інклюзіўны. Таму запрашаем да яго далучацца.
РР: Распавядзіце, калі ласка, пра структуру ўніверсітэта.
– Беларускі навукова-даследчы нацыянальны ўніверсітэт задумваецца як універсітэт, які будзе займацца перадусім даследаваннямі, рухаць наперад беларускую навуку. Што тычыцца навучальных праграм, то тут прадугледжваюцца магістарскія праграмы і доктарскія праграмы. Спадзяёмся, што ў будучыні мы можа быць далучым і бакалаўрыят. То бок праграмы першай ступені вышэйшай адукацыі.
Але пачынаць канешне будзем перадусім з даследчых праектаў. Перадусім універсітэт будзе канцэнтравацца на гуманітарных дысцыплінах, але з пэўным фокусам таксама на дакладныя навукі. На дадзены момант у нас ёсць дамоўленасць ужо з некаторымі навукоўцамі, якія гатовыя весці свае накірункі, якія гатовыя займацца развіццём канцэпцый і падрыхтоўкай дэпартаментаў.
У нас ёсць дамоўленасці з іншымі інстытуцыямі, якім мы дапамагаем у стварэнні Інстытуту беларускай мовы, Беларускага інстытуту публічнай гісторыі, каб яны таксама сталі аўтаномнымі часткамі, якія будуць узмацняць гэты ўніверсітэт. Так што вельмі канкрэтныя ёсць планы, вельмі шмат падрыхтоўчай працы ўжо было праведзена працоўнай групай.
РР: Вы зазначылі, што гэта моцная каманда, якая працавала над гэтым праектам. Хто гэтыя людзі?
– Сярод тых людзей, якія працавалі над канцэпцыяй гэтага ўніверсітэта, шмат вядомых людзей, шмат людзей, прозвішчы якіх мы называць не можам. Мы б вельмі хацелі, каб да ўніверсітэту далучыліся ў будучыні тыя людзі, якія рэпрэсаваныя ў Беларусі і атрымалі забарону на прафесію і не могуць зараз яе выконваць.
Сярод тых людзей, хто публічна ўжо зараз выступае дзеля таго, каб прамаваць гэты ўніверсітэт, гэта прафесар Баркоўскі, гэта прафесар Церашковіч, гэта кандыдат гістарычных навук Андрэй Радаман. Далучыліся і іншыя асобы. Можа мы не будзем усіх называць з прычыны бяспекі. Скажу вам, што мяне вельмі ўсцешыла, як актыўна, як скансалідавана працавалі людзі, як яны далучаліся, пасля таго, як яны заклікалі далучацца да гэтай групы.
Сапраўды гэтая праца была вельмі канструктыўная. Я бачу, што ў гэтым універсітэце можа знайсціся месца для ўсіх беларускіх даследчыкаў. Па першых нашых прыкідках мы планавалі, каб каля 50-ці асобаў пачало сваю працу ў межах гэтага ўніверсітэта.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Прэзентацыя праекту адбылася ў Варшаве на пляцоўцы Imaguru.