Яшчэ да пачатку выбараў спікера ў Каардынацыйную раду 3 склікання фаварыт быў відавочны — Анжаліка Мельнікава з каманды Паўла Латушкі. Былая топ у «Кока-Коле», яна рашыла пайсці ў палітыку. У інтэрв’ю «Нашай Ніве» Анжаліка расказала пра сябе: пра вучобу ў беларускамоўнай школе, званок ад міністра ў 2020-м, амбіцыі і прадузятае стаўленне, з якім сутыкалася.
ЦТ па беларускай мове на 96 балаў і Coca-Cola Zero
Анжаліка родам з Нясвіжа. Вучылася там у беларускамоўнай гімназіі.
«Вельмі любіла беларускую мову і літаратуру, бо наша класная кіраўніца была настаўніцай менавіта гэтых прадметаў», — дзеліцца яна.
На ЦТ Анжаліка, дарэчы, таксама здавала беларускую мову — атрымала 96 балаў. Адвучылася на бясплатным у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце на спецыяліста па сувязях з грамадскасцю.
На іх спецыяльнасці выпускнікам тады выдалі свабодныя дыпломы, і Анжаліка разаслала сваё рэзюмэ ў вядомыя кампаніі. У «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь» акурат быў патрэбны чалавек з яе спецыяльнасцю.
«Я прайшла некалькі этапаў сумоўя. Было тэставанне на веданне граматыкі англійскай мовы, пасля аўдзіраванне — будучая кіраўніца прадыктавала мне бізнэсовы тэкст на рускай мове, а мне трэба было перадаць яго па-ангельску. На фінальным этапе інтэрв’ю пыталіся пра жыццёвыя погляды, што я люблю чытаць, каб зразумець, ці маю камунікатыўныя навыкі».
Праўда, не ўсе паверылі, што маладая дзяўчына змагла сама ўладкавацца ў такую вядомую кампанію.
«Адзін са сталых людзей, які працаваў там даўно, прыйшоў да мяне, сеў насупраць і кажа: «Ну, чыя ты?» Я здзівілася: думала, што кумаўство можа быць толькі на нейкіх дзяржаўных прадпрыемствах. Той супрацоўнік сказаў: «Не ведаю, як ты магла так сюды прыйсці, але нават жонка Санакі Самарасінхі (былога прадстаўніка ПРААН у Беларусі — «НН») не прайшла інтэрв’ю, на другім этапе адсеялася».
У 2016-2018 гадах Анжаліка была намесніцай генеральнага дырэктара кампаніі па сувязях з грамадскасцю. Апроч распрацоўкі бізнэс-планаў, яна ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах з дзяржаўнымі чыноўнікамі («Кока-Кола» была ў кансультатыўнай радзе па замежных інвестыцыях). Анжаліка згадвае, як хадзіла ў Міністэрства ЖКГ з ініцыятывай па перапрацоўцы бутэлек — «Кока-Кола» хацела ўвесці дэпазітную сістэму, каб чалавек даплачваў за ўпакоўку, а пасля здаваў яе за грошы на перапрацоўку.
«Заходжу — а там сядзяць дзядзькі за 60 у шэра-зялёных пінжаках. І чытаюць са сваіх нататнікаў падрыхтаваны тэкст. А я прыйшла энергічная, з прапановамі, з прыгожай прэзентацыяй. Мне падалося, у першыя хвіліны яны не маглі паверыць, што я магу нешта расказваць, — такая бландзінка 26-27 гадоў. А потым яны адкрылі зноў свае нататнікі і сталі запісваць за мной».
Анжаліка расказвае, што і яна, і муж-айцішнік у Беларусі добра зараблялі. Пабудавалі кватэру, маглі адпачываць сям’ёй некалькі разоў на год. Кампанію жанчына пакінула, калі была цяжарная другой дачкой — рашыла заняцца сям’ёй.
Усміхаецца і кажа, што «Кока-Колу» п’е дагэтуль.
«П’ю Coca-Cola Zero, бо сачу за сваёй фігурай. І мае дзеці таксама п’юць. Паверце, чым буйнейшы брэнд, чым гучнейшае імя, тым большыя патрабаванні да якасці прадукцыі, стражэйшыя нормы на вытворчасці», — бароніць брэнд Анжаліка.
«У 2020-м пазваніў міністр, запрашаў прыехаць, каб мне ўсё расказаць»
Да 2020-га Анжаліка, як і многія, палітыкай асабліва не цікавілася і галасаваць на ранейшых выбарах не хадзіла. Калі пачаліся пратэсты, яна была ў Нясвіжы, куды перабралася на час каранавіруса.
Узрушаная гвалтам на вуліцах, яна выказвалася ў сацсетках, запісвала відэазварот да старшыні Нясвіжскага гарвыканкама. Ёй тады пазваніў Уладзімір Вашчанка, на той момант міністр па надзвычайных сітуацыях. Яны былі знаёмыя, бо «Кока-Кола» рабіла з ведамствам сумесныя праекты.
«Ён мне казаў: «Анжаліка, куды ты лезеш? Што ты робіш, ты ж нічога не ведаеш». А што я павінна ведаць, у мяне што, вачэй няма? Калі людзі ў Нясвіжы, з якімі мы раслі разам, высыпалі з гэтага аўтазака і збілі сваіх жа суседзяў. Ніхто ж там не быў з пісталетам і кактэйлем Молатава. Проста збілі людзей, нібыта псам сказалі «фас».
Вашчанка запрашаў мяне паехаць у Мінск, абяцаў за кавай усё расказаць. А ў мяне такі страх быў — пастаянна бобікі ездзяць, кагосьці затрымліваюць. Кажу: «Не, дзякуй. Я не хачу адразу адтуль паехаць за краты».
Жанчыну два разы штрафавалі па адміністрацыйных справах (адправіць на суткі не маглі, бо малыя дзеці). Першая адміністратыўка была за вялікі марш 16 жніўня ў Мінску. Калі пасля яго натхнёная Анжаліка вярнулася ў Нясвіж, то заклікала гараджан на наступны марш паехаць у сталіцу разам і прапаноўвала завезці ахвотных на сваім аўто. Па дарозе на наступны нядзельны марш яе і затрымалі.
«З аўтаматам спынілі машыну, праводзілі да мясцовага РАУС. І там спыталі: «Вы разумееце, што не было дазволу Мінгарвыканкама, каб ладзіць такі марш?» Памятаю свой адказ: «Я разумею, што парушыла ваш закон, з якім я не згодная, і калі б мне давялося яшчэ раз прыняць рашэнне, я б яшчэ раз паехала на гэты марш». Мяне папярэдзілі, каб больш нідзе не ўдзельнічала».
Другая адміністратыўка была за велапрабег са сцягамі ў нясвіжскім парку — ролік з яго гараджанкі выклалі ў тэлеграм.
Пасля таго, як Анжаліка дала інтэрв’ю пра пратэсты ў малых гарадах, ёй зацікавіліся ў сталіцы. Жанчыне перадалі праз знаёмых, што ў Нясвіж прыязджалі следчыя з Мінска і забралі ўсе дакументы актывістаў — у тым ліку яе. Анжаліка тады была яшчэ і адміністратарам чата — прызнаецца, што вельмі перапалохалася і падумала, што будзе лепш за ўсё пакінуць краіну на нейкі час.
У верасні 2020-га яны сям’ёй выехалі ў Кіеў.
«Тады ў нас не было візы, плюс каранавірус — немагчыма проста так паехаць за мяжу. І паколькі мой муж — айцішнік, яму зрабілі джоб-офер праз украінскую кампанію. Там мы некалькі месяцаў пражылі. Я два месяцы не распакоўвала сумак, бо здавалася, што розум пераможа і мы ўсе вернемся дадому.
Потым мы паехалі ў Польшчу па ІТ-праграме Poland. Business Harbour. Яшчэ адна прычына, чаму мы выбралі Польшчу — у мяне польскія карані. Я адразу атрымала тут пастаянны дазвол на жыхарства. Не мела карты паляка, заўсёды адчувала сябе беларускай, але ў бацькі былі дакументы, дзе пазначана, што бабуля з’яўляецца полькай», — тлумачыць жанчына.
«Можа, ты б пафарбавала валасы ў цёмны колер?»
Сям’я нейкі час жыла ў Беластоку. Анжаліка займалася дзецьмі і паралельна вучылася — праектнаму менеджменту ў ІТ, польскай мове.
«У Беластоку я працавала з фондам «Беларусь 2020». Я згаладалася па працы. Мы з сяброўкай Марынай Ляшчэўскай дапамагалі ўцекачам. І калі яшчэ жыла ў Беластоку, я дапамагала камандзе Латушкі — пісала тэксты, рабіла пераклады. Я планавала пераехаць у Варшаву.
Яшчэ са свайго жыцця ў Беларусі я ведала Лену Жываглод, іх каманда была нашым падрадчыкам, рабіла маркетынгавыя мерапрыемствы для «Кока-Колы». І калі яна пакінула Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, я заняла месца праектнага менеджара», — расказвае Анжаліка, як у 2022-м далучылася да НАУ. Кажа, што яе запрасілі ў каманду, паколькі яна магла размаўляць на сустрэчах з партнёрамі і па-польску, і па-ангельску, і па-беларуску.
Эфектная бландзінка, у палітыцы яна пару разоў сутыкалася з прадузятым стаўленнем да сябе праз выгляд.
«Можа, жартам, але мне сказаў адзін мужчына: «Анжаліка, можа, ты б пафарбавала валасы ў цёмны колер? У цябе ж галава разумная, добра працуеш. А з першага погляду — бландзінка ў шакаладзе». Я адказала, што Іванка Трамп і Урсула фон дэр Ляен таксама бландзінкі і гэта ім не перашкаджае быць у палітыцы».
Іншую заўвагу Анжаліка пачула ад жанчыны, якая шмат гадоў у дэмакратычным руху: «У цябе ж дзеткі, займайся імі. Чаго ты лезеш у палітыку?».
«Я адказала ёй, што, па-першае, дзеці дысцыплінуюць, і ў мяне няма праблемы з тайм-менеджментам. А па-другое, я вельмі спадзяюся, што нашы людзі, якія змагаюцца за дэмакратычную незалежную дзяржаву, не будуць навешваць лэйблы і лічыць, што пасля таго, як жанчына ўступіла ў шлюб і нарадзіла дзяцей, яна не можа змагацца за будучыню сваіх дзяцей і быць актыўнай у бізнэсе і палітычным жыцці».
«Усе пасяджэнні буду весці на беларускай мове»
Чаму яна рашыла пайсці ў спікеры Каардынацыйнай рады, нягледзячы на магчымыя пагрозы з боку беларускіх уладаў?
«Гэтыя пагрозы былі і раней. Як кажа Павел Паўлавіч [Латушка], калі ёсць ужо пяць [крымінальных] спраў, то няма сэнсу іх лічыць. Мы ў барацьбе, і назад дарогі няма. І я такі чалавек: калі ўжо ўзяў меч, то сячы. Я пайшла ў КР не толькі таму, што я такая смелая, але і таму, што разумела, што гэта будзе не прызначаны, а абраны орган.
Калі Павел Паўлавіч прапанаваў мне стаць чаліняй спісу, то я адразу пагадзілася. Таму што, па-першае, я паважаю Паўла Паўлавіча як чалавека, дыпламата, мэтанакіраванага прафесіянала. І я падумала, што ён дапаможа навесці шораху ў Каардынацыйнай радзе ў пазітыўным сэнсе. Ён можа прымусіць працаваць гэту структуру. А па-другое, я бачу перспектыву развіцця Каардынайцыйнай рады як інстытута, альтэрнатыўнага парламенту Лукашэнкі».
Анжаліка лічыць, што так яна зможа змагацца за свабоду палітвязняў, аднаўленне справядлівасці, незалежнасць нашай краіны.
Ці не адгаворваў муж ісці ў палітыку?
«Ён вельмі хутка перастаў падтрымліваць маю актыўнасць і раздзяляць погляды. Мы развяліся. І цяпер нават не размаўляем пра палітыку. З другога боку, мы разам клапоцімся аб дзецях, і я з павагай стаўлюся да яго як да бацькі сваіх дачок, а ён да мяне — як да маці. У нас нармальныя цывілізаваныя адносіны. Шчыра, мне пакуль цяжка гаварыць аб гэтым, хоць развяліся больш за год таму», — дзеліцца Анжаліка.
У беларускай апазіцыі яна сімпатызуе Паўлу Латушку і Уладзіміру Астапенку: «Дасведчаныя дыпламаты, якія ведаюць, як наладзіць працэсы эфектыўна».
А на пытанне, якое хвалявала некаторых каментатараў «Нашай Нівы» — на якой мове будуць паседжанні КР, — адказвае:
«Я беларуска, я люблю сваю радзіму і сваю мову, і ўсе пасяджэнні і звароты ад імя КР буду рабіць на беларускай мове.