Ці можна ў Беларусі стварыць месца навукі кшталту Сіліконавай даліны ці Вялікага андроннага калайдэра? Выдаўцы Pamyłka вераць у гэта і нават запускаюць народную прэмію «Бізон Гіґса». БАЖ пагутарыў з галоўнай камунікатаркай выдання Святланай Волчак.
Выйшаў пяты нумар навукова-папулярнага зіну «Памылка» (арыгінальная назва – Pamyłka), у якім можна знайсці артыкулы пра квантавыя вылічэнні, астраномію, фізіку, біялогію, геаграфію ды іншыя навукі па-беларуску.
Ці лёгка несці беларускую навуку ў масы? Як выжывае навукова-папулярнае выданне? Чаму рэдакцыя запускае народную прэмію «Бізон Гіґса» і як гэты бізон выглядае?
Рэдакцыя Pamyłka – тры чалавекі
— Мы называем рэдакцыяй той калектыў, які непасрэдна стварае часопіс. Зараз гэта тры чалавекі: я, дзяўчына-дызайнерка і дзяўчына, якая адказвае за моўную рэдактуру.
Аднак часопіс — толькі сродак для стварэння супольнасці беларускіх навукоўцаў. Гаворка ідзе пра дакладныя навукі, а не гуманітарныя, бо сацыёлагі, гісторыкі, мовазнаўцы ў Беларусі ўсё ж стасуюцца між сабой. У прадстаўнікоў дакладных навук такога амаль няма, прынамсі, іхнія камунікацыі – не пра навуку. Я даўно даўно ўзняла белы сцяг і прама кажу: я хачу знайсці фізікаў, каб паразмаўляць з імі не за жыццё, а пра навуку па-беларуску, каб жыць сярод іх і рабіць нешта разам.
Такія людзі знаходзяцца, яны пішуць ўжо артыкулы. Але да непасрэдных стасункаў пакуль не дайшло: можна задаць разумнаму чалавеку пытанне, пачуць адказ, але на тым усё і заканчваецца.
Яшчэ ў Беларусі мне ўвесь час казалі: Света, табе трэба займацца навукай. А я ніяк зразумець не магу: а што гэта значыць?
Адказ прыйшоў пазней: няма адкрытай супольнасці, якая камунікуе паміж сабой, якая гатова прымаць новых людзей і дзяліцца ведамі.
Мой любімы прыклад: навукоўцы пачатку 20-га стагоддзя ў вобласці квантавай механікі (Германія, Данія, Швецыя) зрабілі шмат адкрыццяў дзякуючы ўзаемаадносінам. Праз камунікацыю навука зрабіла такі скачок.
Рабіць навукова-папулярны часопіс цяжка
— Да стварэння часопіса я ўдзельнічала ў розных нефармальных актыўнасцях у Беларусі, дзякуючы чаму я накапіла вопыт працы з рознымі групамі. А мой муж Міхаіл Волчак даследуе, як нараджаюцца, жывуць і паміраюць супольнасці. Таму я веру, што супольнасць можна стварыць.
Зараз мы выпускаем адзін нумар у чатыры месяцы, літаральна на мінулым тыдні мы дадрукавалі пяты нумар. Зараз на нумар мы можам сабраць восем артыкулаў: ад старых аўтараў і ад новых.
Першы нумар рыхтавалі 6 чалавек, а наступныя нумары — каля 20 чалавек (напалову — аўтары, напалову — беларускія мастакі, якія ілюструюць навуковыя артыкулы).
У той час мы прапануем аўтарам захопліваць навукі: фізіку, хімію, матэматыку, біялогію. Не цураемся навуковых артыкулаў пра міждысцыплінарныя адносіны: на стыку біялогіі і філасофіі ці на мяжы біялогіі і фізікі. Мы не прымаем артыкулы, якія нам падаюцца чыста гуманітарнымі.
Беларуская мова здольная стаць мовай навукі
— Наколькі распрацаваная беларуская мова для навукі?
— Як мы з Юрыем Адамавым толькі пачалі ствараць часопіс, мы знайшлі выдатную дзяўчыну-мовазнаўцу, Настассю Кахан.
Як аказалася, яна мае веды і амбіцыі вярнуць беларускую мову ў навуку. Не, не стварыць беларускую навуковую мову з нуля, а падняць праспрацаваныя ў 20 стагоддзі слоўнікі навуковай лексікі. Настасся адраджае навуковыя тэрміны, якія раней ужываліся, ці стварае іх на падставе моўных правілаў.
Я перакананая, што толькі дыялог паміж навукоўцам і мовазнаўцам можа прывесці да развіцця навуковай мовы. Усталяваць такі дыялог — адна з нашых задач.
Што такое Палескі калайдэр?
— У адным з нумароў часопіса выйшаў артыкул пра Палескі калайдэр. Што гэта — навуковая прылада ці месца канцэнтрацыі навукі?
—Гэты артыкул носіць апісальны характар. Нібыта само Палессе на сваіх гаворках падказвае нам, што мы можам скарыстацца ім як месцам навукі. Калі ўзнікла сама ідэя Палескага калайдэра, то адразу ўзнікла і агаворка: пра Палессе можна напісаць толькі паляшуцкай мовай.
Калайдэр заўсёды асацыюецца з нечым закрытым і незразумелым. Ідэя Палескага калайдэра адсылае нас да Вялікага андроннага калайдэра, які знаходзіцца ў Швейцарыі. Але назву не трэба ўспрымаць літаральна: гаворка пра месца, дзе канцэнтруецца навуковы багаж. Таму не абавязкова будуць акселероны, тартак — паскаральнік часціцаў, закапаны ў зямлю. У свеце існуе процьма месцаў, дзе канцэнтруюцца навуковыя веды, існуе мора навуковай тэхнікі, тэлескопаў, таму вельмі хацелася б, каб такое месца навукі з’явілася і ў Беларусі.
На жаль, людзі мала знаёмыя з навукай не таму, што яна вельмі складаная, а таму, што няма непасрэднага дыялогу паміж навукоўцамі і ненавукоўцамі. Я сама працавала з фізікай, здавалася, што амаль нічога не ведаю. Але ў нейкі момант пачала заўважаць (5–8 гадоў назад), што іншыя людзі ведаюць яшчэ менш, а значыць, я магу падзяліцца сваімі ведамі. Насамрэч навука не такая і складаная, проста ствараецца ілюзія закрытасці, недаступнасці навуковых ведаў — усё роўна як магіі. Не ў апошнюю чаргу наш часопіс і паўстаў, каб наблізіць навукоўцаў ці людзей, якія любяць навуку, да астатніх людзей.
Ідэя Палескага калайдэра палягае ў тым, што навуковыя прылады, тэлескопы, лабараторыі, паскаральнікі часціц могуць размяшчацца на Палессі. А навукоўцы могуць распрацоўваць прагрэсіўныя ідэі кшталту як вызваліць энергію і даць яе людзям. Адзін з нашых артыкулаў прысвячаўся таму, як з пяску стварыць батарэі. Чаго-чаго, а пяску на Палессі хапае…
Pamyłka жыве за кошт краўндфандзінга
— Выдавецтва часопіса — праца не толькі цяжкая, але і затратная. Як жа вы выжываеце ва ўмовах эміграцыі?
— Мы займаемся краўндфандзінгам. Прымаем ахвяраванні ад людзей, якія хочуць нас падтрымаць, і адначасова прадаем сам часопіс (як друкаваныя экземпляры, так і іх PDF-версіі). Але палічылі, што правільным будзе даць магчымасць любому чалавеку і проста так спампаваць PDF, у тым ліку і нумара, які толькі падрыхтаваны да друку. Зацікаўленая асоба зможа самастойна раздрукаваць яго.
Атрыманыя грошы мы дзелім паміж супрацоўнікамі, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы нумара. Можам сабраць на адзін нумар каля 2 тысяч еўра. Хацелася б, канешне, больш плаціць аўтар і моўнай рэдакцыі з дызайнерамі, але пакуль так.
Кожны артыкул вымагае часу, бывае, трэба спачатку патраціць 10 гадоў жыцця, каб сфармуляваць некалькі важных думак, — праца навукоўцаў важная, і трэба, каб самі людзі ацэньвалі іхнюю працу. Калі чытачы перастануць купляць часопіс, то мы, хутчэй за ўсё, перастанем яго рабіць.
Няма мэты выдаваць часопіс любой цаной, але ёсць памкненне знайсці прыхільнікаў, якія лічаць, што навука — гэта крута.
Ідэю Палескага калайдэра як месца навукі можна разглядаць як цэнтр прыцягнення не толькі беларускіх навукоўцаў, а з усяго свету: звычайна ў такіх месцах і нараджаюцца інтэрнацыянальныя праекты. Тады навукоўцы будуць не толькі з’язджаць, але і прыязджалі ў нашу краіну.
Чым «Бізон Гіґс» адрозніваецца ад базона Хігса
— Прэмію мы жартам назвалі «Бізон Гіґс». Па аналогіі з базонам Хігса – часціцай, дзякуючы якой іншыя часціцы набываюць масу. Таму і назвалі бізонам – гэта адсылка да беларускага зубра. Мы падгледзелі, што ў беларускіх пісьменнікаў, у іншых творчых суполках існуюць свае ўзнагароды, а навукоўцы нічога падобнага не маюць.
Але самае прыкрае — беларусы не ведаюць жывых навукоўцаў, якія нешта робяць (можа, людзі старэйшага веку некага і ўспомняць). Насамрэч сярод нас хапае разумных людзей, якімі мы можам ганарыцца.
Мы доўга думалі над нашай узнагародай. Мы не хацелі, каб працэс быў надта шпаркі (што хутка ствараецца, так жа і знікае), таму мы падоўгу раіліся з людзьмі. І прыйшлі да высновы, што вызначаць дастойных — гэта важна, але ніхто не хоча браць на сябе такую смеласць.
У выніку вырашылі зрабіць народнай: прызавы фонд будзе збірацца праз краўндфандзінг, а людзі змогуць абіраць пераможцу галасаваннем. Мы не хочам зацыклівацца на вузкім коле вельмі разумных людзей, якія выбіраюць іншых разумных людзей.
Больш за тое, кожны чалавек зможа намінаваць на прэмію любога навукоўца, але для таго два чалавекі павінны пацвердзіць, што канкрэтна робіць навуковец і чаго ён дабіўся. То-бок, дастаткова групы з трох чалавек, каб намінаваць на прэмію любога іншага. А паколькі ўсё ж намінанты будуць вызначацца галасаваннем, то самыя неадэкватныя варыянты будуць адсейваццца.
Прэмію «Бізон Гіґса рэдакцыя плануе запусціць ужо сёлета: намінаванне на прэмію стартуе ўжо ўвосень, а пераможцы будуць вызначаныя ў пачатку 2025 года.