Павел Станкевіч: У Польшчы неабходна ўсеагульная грамадская адукацыя пра меншасці

«Неабходная ўсеагульная грамадская адукацыя пра беларускую меншасць як неад’емную частку польскага грамадства». Так лічыць прадстаўнік гэтай меншасці і актыўны ўдзельнік грамадска-культурнага жыцця на Падляшшы, старшыня фонда «Тутака» Павел Станкевіч.

РР: Пачнем нашую размову можа з Форуму Касцюшкі, які 3 і 4 лютага прайшоў у Гданьску. Ты быў сярод удзельнікаў, сярод тых, хто прымаў удзел у дыскусіях, у тым ліку на тэму культуры. Я працытую, што там гаварылася і тое, што ты адзначыў: «Неабходна ўсеагульная грамадская адукацыя пра беларускую меншасць як неад’емую частку польскага грамадства». Гэта твае словы, твая пазіцыя. Патлумач, што ты маеш на ўвазе «грамадская адукацыя». І таксама адразу спытаю, чаму за столькі гадоў гэтага не было?

Павел Станкевіч: Чаму не было? Цяжка мне сказаць, чаму не было. Я толькі разумею, што гэта рэальна патрэбна. Вось маем, напрыклад, сёння Niczos і Sw@da, якія ўдзельнічаюць у конкурсным адборы Еўрабачання. І як гэта выклікала вялізарны шок у Польшчы, што можна песню спяваць не па-польску.

РР: Мы гаворым пра польскі адбор на Еўрабачанне.

Павел Станкевіч: Так. І тут таксама зразумела, што я не бачу тут ніякіх сварак, кепскіх каментароў. Раней нехта спяваў па-ангельску. Але мы тут мае свае комплексы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, што ўсім па-ангельску окей, а калі гэта ўжо на іншай мове, то пытанне. І тады разумеем, што мы агулам як грамадства ў Польшчы, увогуле не ўяўляем, што такое нацыянальная меншасць. І мне падаецца, што нават мы самі, як нацыянальная меншасць, не вельмі ў гэтым разбіраецца. І самі пра сябе не вельмі шмат чаго ведаем, а калі казаць пра іншыя нацыянальныя меншасці, то яшчэ горш. А тыя разуменні, што мы таксама ствараем сучасную дзяржаву, сучасную Польшчу, увогуле, падаецца, іх няма, таму варта каб былі адмысловыя ўрокі ў школах, каб гэтая адукацыя пайшла з боку школы.

Але таксама нам патрэбныя і розныя піяр-акцыі, агучыць, каб і дарослыя людзі таксама пачалі крыху ў гэтым разбірацца. І тое, што я паўтараю ад самага пачатку, як толькі ўзнікла наша фундацыя: у Польшчы не жывуць толькі палякі, таксама як у Беларусі не жывуць толькі беларусы. І трэба разумець, што ёсць паняцце народу як палітычнага твору, які збольшага тычыцца грамадства і грамадзянства. Ёсць кантытуцыйны падыход. Таксама не забываем, што Канстытуцыя Рэспублікі Польшча наўпрост кажа, што народ – гэта ўсе грамадзяне Польшчы. І тыя рэчы трэба разумець, таму што можам далей думаць, развіваць вось такую грамадскую палітыку ў бок асіміляцыі і дамагацца далей, як з савецкіх часоў, ці нават раней, каб у Польшчы жылі выключна палякі, але проста гэта немагчыма завершыць, у такім сэнсе, што ніколі не дойдзем да гэтага, што ў Польшчы ўсе будуць думаць, што яны палякі. А калі не патлумачыць гэтага больш падрабязней, з чаго гэта ўсё вынікае, то заўсёды, калі-небудзь, будзе нейкая вонкавая пагроза канфлікту. Ці ўнутры краіны паўстануць больш нацыяналістычныя рухі. Заўсёды гэта выйдзе на паверхню, гэтая праблема – што мы розныя. Па-шчырасці, гэта не праблема, гэта каштоўнасць. І калі ісці гэтым шляхам і зразумець, што разнастайнасць – ёсць каштоўнасць, нам усім будзе лягчэй жыць.

РР: Толькі тут заўважу, калі казаць у цэлым пра адукацыю, шмат гадоў беларусы Падляшша дамагаліся сваёй адукацыі. Атрымалася – пабудавалі дзіцячы садок, пачатковая школа, ёсць ліцэі, планавалася, што будзе нейкі ўніверсітэт. Цяпер мы мае гэты працэс у пэўнай ступені дэградацыі. Змагаемся за захаванне беларускасці ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім. На гэты фоне што рабіць? Я ведаю, што Маршалак Сейму Шыман Галоўня на канферэнцыі ў Сейме вельмі добрыя і правільныя словы кажа, што гэта важна, што гэта наша каштоўнасць. Але практыка і рэальнасць паказвае трошкі іншае.

Павел Станкевіч: Я кажу пра нешта іншае, бо адна рэч – гэта адукацыя меншасці, а другая рэч – гэта адукацыя пра меншасць.

РР: Я разумею, але маю на ўвазе, што нават адукацыю меншасці мы не ўстане цяпер захаваць у тым маштабе, у якім можам. Ці ёсць яшчэ шанец выйсці з гэтай адукацыяй па-за межы меншасці. Гэта яшчэ больш складана, мне здаецца.

Павел Станкевіч: Я б сказаў наадварот. У Польшчы яшчэ ёсць такія заняткі, як wedy o społeczeństwie, ёсць таксама заняткі па гісторыі, ёсць урокі па літаратуры. І гэтыя ўсе ўрокі – тое месца, куды трэба ўводзіць веды пра разныя меншасці. Класна было б, каб усе вучні на Падляшшы ведалі, хто сядзіць у класе побач. Нам патрэбны веды пра тое, што мы ўяўляем сябе як грамадства.

Цалкам размова:

racyja.com