Госць «Радыё Ўнэт» – маэстра Аляксандр Гарцуеў. Тэатру ён аддаў больш за сорак гадоў: быў рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, як мастацкі кіраўнік працаваў у РТБД, а пасля 2020 года ў Польшчы ставіць спектаклі для вольных «купалаўцаў». Не так даўно адбылася прэм’ера яго пастаноўкі «Сфагнум» паводле Віктара Марціновіча, а крыху раней беларусы ўбачылі спектакль «Гусі-людзі-лебедзі» па Альгерду Бахарэвічу.
Сцісла ў размове:
- Зараз жыву ў Варшаве. Гэта крыху прымусовая вандроўка. Тут знаходжуся, таму што хочацца працаваць. Цяпер час спакойны, рэпетыцый ніякіх няма. Ідзе працэс накаплення эмоцый, уражанняў, каб праз нейкі час гэта ў штосьці вылілася.
- Дзве прэм’еры, якія я зрабіў у Польшчы, – гэта цікавы досвед. Тут крыху іншы глядач, хоць было шмат беларусаў. Вельмі цікава было паглядзець, як наша культура перадаецца людзям іншай культуры, ці разумеюць яны нас. І выявілася, што мы ўсе людзі з адной планеты.
- Зараз вырашаем тэхнічныя пытанні, шукаем пляцоўку, каб беларускі глядач часцей бачыў «купалаўцаў» у Польшчы. Першы беларускі тэатральны сезон варта было б адкрыць «Паўлінкай». Прычым з купалаўскім фіналам.
- Спадзяюся, што калісьці ўдасца паставіць п’есу Віктара Марціновіча пра Максіма Багдановіча, якая пісалася да юбілею паэта, але абставіны не дазволілі рэалізаваць гэтую задуму. Зараз працую над «Плошчай Перамогі» Альгерда Бахарэвіча. Усе свядомае жыццё хажу вакол Караткевіча і, мне здаецца, я нарэшце зразумеў, як яго трэба рабіць у тэатры.
- У эміграцыі я зразумеў, што побач са мной знаходзяцца дзве вельмі гераічныя асобы – мая жонка і мая дачка. Яны настолькі прыхопленыя пачуццём уласнай годнасці і справядлівасці, якіх я нават не падазраваў. Яны для мяне прыклад і дапамога.