Актрыса, рэжысёр і заснавальніца тэатра «Чрэва» Іаана Троц не толькі нядаўна атрымала стыпендыю маршалка Падляшскага ваяводства, але і ўжо 23 сакавіка прадставіць прэм’еру свайго спектакля “Віця” ў Падляшскай оперы і філармоніі. Натхнёны жыццём і творчасцю Віктара Шведа, гэты спектакль спалучае традыцыі і сучаснасць, рэп і колавую ліру, дзіцячую бесклапотнасць і мудрасць дарослых.
Іаана Троц распавядае „Радыё Рацыя“, як яна адчувае спадчыну самога Віктара Шведа; пра пульс Падляшша, які яна перадае праз свае пастаноўкі; а таксама закранае тэму мігрантаў у спектаклях і іх месцы ў гэтым свеце.

РР: На што пойдзе стыпендыя і якія вашы ўражанні, што маршалкаўская ўправа падтрымлівае такія праекты?
Іаана Троц: Для незалежных артыстаў гэта вельмі важная справа, калі я не звязаная з нейкай інстытуцыяй, проста мая дзейнасць незалежная. І тут, дзякуючы таму, што атрымала стыпендыю, змагла зрабіць артыстычны праект, падрыхтаваць новы сцэнар для спектакля.
РР: Напэўна, зараз яшчэ галава ваша крыху ў працэсе спектакля “Віця”, які таксама будзе ў гэтым памяшканні. Як усё ідзе, ці ўсё гатова, ці была ўжо генеральная рэпетыцыя?
Іаана Троц: Якраз сёння і ў суботу мантаж у оперы. Гэта будзе такі спецыяльны спектакль, мне здаецца, што такога спектакля даўно не было нават у Беластоку. Таму што тут будзе шмат розных асяродкаў, звязаных з сабою, такіх як оперны акцёр, малады рэпер, асяроддзе лялек, група дзяцей, з якімі я вяду тэатральныя заняткі, і якія граюць у школьным аркестры. І гэты ўсе асяродкі хочам звязаць паміж сабой і хочам, каб мы ўсе расказалі пра гісторыю “Віці”. Бо мы запрашаем і дзяцей на гэты спектакль, каб пазнаць Віцю – малога хлопца, які хоча быць паэтам. Гэта не Віктар Швед, якога мы ўжо ведаем, які слаўны і вялікі паэт, не. Гэта будзе Віця, гэта будзе хлопец, у якога мары і ў якога адвага, каб споўніць гэтыя мары. А можа бракуе гэтай адвагі і патрэбны сябра, які дапаможа, а можа патрэбны яшчэ хтосьці, каб ты здзейсніў свае мары. І тут будзем пра гэта распавядаць, а таксама прэзентаваць вершы Віктара Шведа ў спецыяльных апрацоўках
РР: Як вы лічыце, Віктару Шведу спадабаўся б гэты спектакль?
Іаана Троц: Я аўтарка гэтага сцэнара і мне здаецца, што я старалася знайсці нейкую праўду пра дзіця, пра хлопца, які яшчэ невялікі паэт, а яшчэ ён вельмі такі ўражлівы, далікатны і глядзіць на гэты свет як паэт і вельмі хоча пісаць, вельмі хоча распавесці пра сябе і як ён гэты свет бачыць. Але не заўсёды так проста – і бяда, бо гэта вёска перад вайной, і розныя іншыя падзеі. Яны не дапамагаюць, але ёсць таксама такія людзі і такія рэчы, ёсць такія сітуацыі, якія могуць дапамагчы, якія вельмі патрэбныя, каб гэтае дзіця далей пісала, каб яно далей верыла, што гэта ўдасца, каб гэтую адвагу падтрымаць і развіваць у сабе.
Маю надзею, што дзеці, якія прыйдуць на гэты спектакль, маглі б сябе індэнтыфікаваць з гэтым героем.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:



Вольга Сямашка, racyja.com,
фота аўтара і ЦБК у Беластоку