
Пра гэта BBC паведамілі ў прэс-службе лёнданскай паліцыі (Metropolitan Police).
Раней кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка паведаміў BBC, што Анжаліка Мельнікава з Польшчы выехала ў Вялікую Брытанію, пра што сама яму паведаміла.
29 сакавіка ў польскай паліцыі паведамілі, што Мельнікава ўжо некалькі тыдняў па-за межамі краіны.
Паведамлялася таксама, што разам зь ёю зьніклі дзьве непаўналетнія дачкі, аднак пазьней выданьню «Люстэрка» ўдалося зьвязацца з былым мужам актывісткі Андрэем Мельнікавым, які пацьвердзіў, што дзеці знаходзяцца зь ім у Беларусі. Сам ён заявіў, што ня ведае, дзе ягоная былая жонка.
Анжаліка Мельнікава — сьпікерка Каардынацыйнай рады (КР) беларускіх дэмакратычных сілаў, а раней каардынатарка праектаў Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) на чале з Паўлам Латушкам.
Пасьля пратэстаў 2020 году Мельнікава зь сям’ёй пакінула Беларусь і выехала спачатку ва Ўкраіну, а пасьля ў Польшчу. Там яна заснавала фонд Białoruś Liberty, празь які праходзіла фінансаваньне для Каардынацыйнай рады і ананімнай хакерскай групы «Кібэрпартызаны».