У цэнтры Варшавы 17 чэрвеня пачала дзейнічаць арт-інсталяцыя “Нязломныя”, прысвечаная палітзняволеным праваабаронцам “Вясны” Валянціну Стэфановічу, Алесю Бяляцкаму, Уладзю Лабковічу. Упершыню інсталяцыя адбываецца без партрэту Андрэя Чапюка — 18 красавіка ён выйшаў на волю. Паказ у Польшчы адбываецца дзякуючы супрацоўніцтву кампаніі салідарнасці з палітзняволенымі вясноўцамі #FreeViasna і Amnesty International Poland.
“Вясна” спытала ў актывісткі Amnesty International Poland Яанны Растоўскай пра салідарнасць з палітвязнямі Беларусі, крызіс правоў чалавека ў нашай краіне і запланаваныя акцыі ў падтрымку беларусаў. А праваабаронца “Вясны” Марына Кастылянчанка пракаментавала адкрыццё інсталяцыі і адзначыла, што важна, каб як мага больш людзей даведалася пра лёс нашых калегаў.

3 17 чэрвеня ў Варшаве адкрылася арт-інсталяцыя “Нязломныя”, якая створана ў межах кампаніі салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі “Вясны” #FreeViasna. Варшава стала восьмым горадам, дзе быў прадстаўлены праект. Арт-інсталяцыя ўжо было паказана ў Брусэлі (Бельгія), Капенгагене (Данія), Берліне (Германія), Познані (Польшча), Вільні (Літва), Рызе (Латвія) і Празе (Чэхія).
“Кожная з гэтых гісторый нагадвае нам, што наша барацьба за правы чалавека яшчэ не завершана”

З нагоды адкрыцця інсталяцыі праваабаронцы “Вясны” паразмаўлялі з актывісткай Amnesty International Poland Яаннай Растоўскай.
— Што трымае фокус Amnesty International на падтрымцы палітычных зняволеных у Беларусі, нават пасля многіх гадоў рэпрэсій?
— Самы просты адказ — гэта цытата аднаго з нашых асноўных лозунгаў: мы ўспрымаем несправядлівасць асабіста. Людзі ў Беларусі маюць патрэбу ў нашай падтрымцы і ў нашым голасе. Барацьба за правы чалавека складаная, яна стамляе і часам патрабуе гадоў для дасягнення вынікаў, але гэта не можа быць прычынай спыняць змаганне з несправядлівасцю. Наша падтрымка не можа мець тэрміну прыдатнасці і сканчацца праз пэўны час. Amnesty International адстойвае правы чалавека і будзе працягваць патрабаваць вызвалення вязняў сумлення ў Беларусі, пакуль усе яны не будуць на волі.
— Паводле вашага досведу, што найбольш рэзануе, калі вы гаворыце з міжнароднай супольнасцю пра крызіс правоў чалавека ў Беларусі?
— Гісторыі ўсіх людзей, якіх пераследавалі ў Беларусі, сапраўды кранальныя і неверагодныя. Мяркую, мы ўсе памятаем сітуацыю, якая адбылася ў 2020 годзе, мірныя пратэсты і надзвычайныя акты смеласці. У Польшчы я, напэўна, часцей за ўсё сутыкаюся з вельмі простым спосабам мыслення: «Гэта мог быць я». Беларусь знаходзіцца побач, многія з нас маюць беларусаў сярод сяброў ці ў сям’і. Ёсць людзі, якія казалі мне, што яны жывуць блізка да мяжы і не могуць уявіць, як так можа быць, што ўсяго ў 50 км ад іх некаму, хто такі самы, як і яны, даводзіцца весці зусім іншае жыццё. Нашы мовы і культуры падобныя, мы дзелім агульную гісторыю, і нескладана ўявіць сцэнар, калі мы штодня перажываем рэпрэсіі і можам апынуцца ў турме за мірны пратэст супраць уладаў.
— Чаму, на вашу думку, важна працягваць распавядаць грамадству гэтыя гісторыі пра рэпрэсіі — нават калі можа здавацца, што яны знаходзяцца далёка і паўтараюцца?
— Чым далей нешта знаходзіцца ад нас, тым лягчэй забыцца пра гэта. Цяпер пра сітуацыю ў Беларусі вельмі мала гаворыцца; тэма проста знікае на фоне іншых крызісаў па ўсім свеце. Але мы не можам ігнараваць гэтую сітуацыю толькі таму, што парушэнні адбываюцца ў Беларусі на працягу ўжо многіх гадоў і сітуацыя не паляпшаецца; або толькі таму, што гэта далёка. Гісторыі ўсіх людзей у Беларусі надзвычай важныя — гісторыі тых, каго пераследавалі ўлады, тых, хто ў турме, або проста тых, хто пацярпеў ад сітуацыі, бо яны з’яўляюцца нечымі роднымі і блізкімі. Кожная з гэтых гісторый нагадвае нам, што наша барацьба за правы чалавека яшчэ не завершана. Мы павінны паўтараць і запамінаць гэтыя гісторыі, мы павінны трымаць іх у галаве. Правы чалавека парушаюцца, пакуль мы застаемся бязмоўнымі, і таму мы павінны гаварыць за тых, хто не можа быць пачуты.

— Ці ёсць новыя ініцыятывы, мерапрыемствы ці акты салідарнасці, якія плануюцца дзеля падтрымкі беларускіх праваабаронцаў і палітычных зняволеных?
— Нашы актывісты плануюць свае мерапрыемствы ў розных гарадах Польшчы, пік запланаваны на жнівень, калі адбудзецца другая фаза нашай кампаніі. Напрыклад, у раёне 9 жніўня ў Варшаве адбудзецца хэпенінг, каб павысіць абазнанасць аб сітуацыі з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Наогул кампанія запланаваная да наступнага сакавіка, кожны і кожная могуць далучыцца да нашай актывісцкай каманды ці падтрымаць нашу кампанію ў любы час.
— Ці можаце вы падзяліцца, як Amnesty International працягвае падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць — як унутры краіны, так і ў выгнанні?
— Amnesty Poland зараз праводзіць кампанію, якая фокусуецца на правах чалавека беларусаў, пад назвай “Згубленая штодзённасць” (“Utracona codzienność”). Яна мае дзве асноўныя мэты. Адной з іх з’яўляецца пастаяннае нагадванне пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і патрабаванне вызвалення вязняў сумлення (Марфа Рабкова, Настя Лойка, Анджэй Пачобут, Алесь Бяляцкі і Марыя Калеснікава). Другая мэта — палепшыць прававую сітуацыю беларусаў, якія жывуць у Польшчы, бо сітуацыя ўскладнілася з 2023 года. У нашай кампаніі мы заклікаем урад Польшчы прыняць меры, каб палегчыць жыццё беларусаў у Польшчы. Наша кампанія ў асноўным створаная актывістамі — кожны можа ўключыцца і далучыцца да нас.
— Як, на ваш погляд, жыхары Польшчы і іншых краінаў могуць падтрымаць тых, хто зазнае пераслед або знаходзіцца ў турме ў Беларусі?
— Адна з самых значных рэчаў, якія можна зрабіць для падтрымкі несправядліва зняволеных у Беларусі, гэта напісаць лісты салідарнасці. У Amnesty мы верым, што словы могуць змяняць свет, і лісты маюць сілу змяняць жыццё чалавека. Паглядзіце на Алеся Бяляцкага, які быў удзельнікам кампаніі Write For Rights у 2012 годзе, самай вялікай і міжнароднай штогадовай кампаніі па напісанні лістоў Amnesty. Пасля яго вызвалення з турмы ён сказаў, што лісты сталі для яго неверагодным крыніцай падтрымкі. Акрамя таго, вельмі важна прасоўваць гэтую праблему ў публічным прасторы. Гаварыце з сям’ёй, сябрамі і калегамі, нагадвайце іншым, што правы чалавека ўсё яшчэ парушаюцца ў Беларусі, нават калі пра гэта не паведамляюць у медыя. Падзяліцеся пастамі Amnesty або “Вясны” ў сацыяльных сетках. Далучайцеся да нашай кампаніі. Мы не мусім дазваляць свету забыцца пра ўсіх тых людзей у Беларусі, хто зазнае пераслед або знаходзіцца ў турме за рэалізацыю сваіх базавых правоў чалавека.
“Гэта адлюстраванне тых суровых умоваў, у якіх знаходяцца вясноўцы і тысячы палітзняволеных у Беларусі”

Праваабаронца “Вясны” Марына Кастылянчанка пракаментавала адкрыццё арт-інсталяцыі ўжо ў восьмым горадзе:
“Мы заўсёды шукаем новыя формы і спосабы пашырэння інфармацыі пра сітуацыю з нашымі зняволенымі калегамі. Адной з такіх формаў стала арт-інсталяцыя “Нязломныя”, якая ўяўляе сабой звараныя з металічных прутоў партрэты Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Марфы Рабковай. З аднаго боку, гэта адлюстраванне тых суровых умоваў, у якіх знаходяцца вясноўцы і тысячы палітзняволеных у Беларусі. З іншага — непахістасць вясноўцаў у прынцыпах і адданасці каштоўнасцям правоў чалавека, свабоды і дэмакратыі.
Арт-інсталяцыя ўжо выстаўлялася ў розных гарадах, шмат актывістаў, зацікаўленых асобаў, мясцовых жыхароў, простых мінакоў і турыстаў змаглі паглядзець на партрэты праваабаронцаў у гарадской прасторы. Цяпер аб’ект знаходзіцца ў Варшаве і суправаджаецца кароткай гісторыяй пра пераслед праваабаронцаў “Вясны” за іх мірную прафесійную дзейнасць на трох мовах — беларускай, англійскай і польскай.
Мы лічым важным, каб як мага больш людзей даведалася пра лёс нашых калегаў, асуджаных на вялізарныя тэрміны зняволення ў Беларусі”.
Наведаць інсталяцыю можна да 7 ліпеня ў Кракаўскім прадмесці каля помніка Мікалаю Каперніку (Krakowskie Przedmieście, Pomnik Mikołaja Kopernika).
