Журналістку Глафіру Жук сёлета абралі «Выбітнай выпускніцай ЕГУ»

Глафіра Жук з дыпломам. Аўтапартрэт

Кожны год Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які месціцца ў Літве, вызначае найлепшага выпускніка ці выпускніцу года. Намінаваць чалавека на ўзнагароду можна было праз адкрытую форму на сайце ўніверсітэта.

Пасля гэтага акадэмічная супольнасць вызначае пяць чалавек, якія могуць прэтэндаваць на званне «выбітны выпускнік». Затым з іх галасаваннем абіраюцца тры.

Сёлета тройка прэтэндэнтаў аказалася цалкам жаночай. Намінаваліся Наталля Зданевіч, выпускніца магістарскай праграмы «Развіццё культурнай спадчыны» 2023 года; Іяланта Казакова, выпускніца магістарскай праграмы «Візуальная пластыка» 2023 года; і Глафіра Жук, выпускніца бакалаўрскай праграмы «Медыі і камунікацыя» 2024 года.

У выніку пераможцай стала журналістка. Афіцыйная цырымонія ўзнагароджання адбылася ва ўніверсітэце 27 чэрвеня.

Удзячная ЕГУ за ўзнагароду. Раней гэтае званне атрымлівалі Наста Лойка (2023), Мікалай Дзядок (2021) і Таццяна Кузіна (2022). Я маю гонар быць з імі ў адным шэрагу. Усе трое знаходзяцца за кратамі, але я вельмі спадзяюся, што хутка яны змогуць выйсці і атрымаць свае ўзнагароды. Мы іх вельмі чакаем, як і іншых палітзняволеных, — адзначыла Глафіра Жук.

Зараз Глафіра Жук жыве ў Берліне: яна атрымала стыпендыю ад «Рэпарцёраў без межаў». Як журналістка-фрылансерка супрацоўнічае з «Нашай Нівай» і ў рамках стыпендыі піша для аднаго  з еўрапейскіх выданняў.

Пасля заканчэння стыпендыі журналістка збіраецца вучыцца далей:

Я зараз актыўна вучу англійскую мову і рыхтуюся да міжнароднага іспыту: у наступным годзе я буду спрабаваць паступіць у магістратуру. Але ўжо не ў ЕГУ, а ў адзін з брытанскіх універсітэтаў. Пры гэтым я не збіраюся кідаць журналістыку: буду сумяшчаць вучобу з працай, наколькі гэта магчыма, — падкрэсліла Глафіра Жук.

Дзяўчына раней у інтэрв’ю БАЖ расказвала пра свой шлях у журналістыку.

baj.media