
Пісьменнік, якому сёння споўнілася 79 гадоў, у фэйсбуку разважае, што за пражыты год было не да літаратуры.
«9 ліпеня. Першы дзень народзінаў (па версіі маці).
Прамінулы год не самы ўдалы ў жыцці — амаль палову яго пракачаўся ў шпіталях. Прычым, у стане неадступнага болю, так што было не да літаратуры. Як пісаў (абсалютную праўду) Маякоўскі: «Цвік у маім боце страшней, чым фантазія ў Гётэ».
І тым не менш…
Месяцы два таму патэлефанаваў мой блізкі сябар з Мінска, падключыў відэа і правёў мяне па горадзе. «Памятаеш, тут мы былі?.. Помніш, сюды завітвалі?.. Не забыўся, з кім у гэтым доме сустракаліся?.. А ў гэтым тэатры вершы чыталі…»
Ён наладзіў як бы настальгічную экскурсію, сэнс якой зводзіўся да таго, што апошнімі гадамі сталася так, што ў родным горадзе яму няма куды пайсці і няма да каго зайсці. Толькі дахаты, дзе ён і завяршыў «экскурсію», запрасіўшы мяне за ўжо накрыты стол з двума кілішкамі. Наліў адзін і выпіў.
Калі развіталіся, пранізліва падумалася пра адзіноту. Дакладней, пра дзве адзіноты. Пра тую, якая ў замежжы, дзе ўсё чужое, і да якой ты так ці інакш гатовы, бо ведаў, што яна непазбежная, і пра тую, якая дома, дзе нібыта ўсё тваё, а ты ва ўсім чужы.
Гэта розныя адзіноты. Зведаўшы абедзве, магу сцвярджаць, што вельмі розныя. Хоць яны і сёстры. І абедзве, калі абдымаюць, дык моцна. Але ўсё ж тая, якая дома, абдымае мацней. Часам ажно да задыху.
Паводле nashaniva.com
