Антон Сіроцін: Make Басовішча great again!

Ва ўрочышчы Барык пад Беластокам прайшоў Фестываль абуджаных Tutaka. І ўжо другі год запар на оўпэн-эйры працуавала пляцоўка Беластоцкага Музычнага Клуба. Сёлета тут адбываліся не толькі канцэрты, але і сустрэчы, напрыклад, з экс-палітвязнем, блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Пра гэта, адчуванні перад імпрэзай і пасля яе старту „Радыё Рацыя“ расказаў заснавальнік БМК Антон Сіроцін.

РР: З якімі думкамі вы стваралі фестываль «Тутака»? І на завяршэнне першага дня ці можаце сказаць, што атрымалася, а што не атрымалася?

Антон Сіроцін: Тут цяжка сказаць. Бо, па-першае, не мы стваралі фестываль «Тутака». Мы партнёры гэтага фестывалю. Мы рабілі гэтую нашую пляцоўку для альтэрнатыўнай музыкі. Бо ёсць галоўная сцэна, дзе ідзе мэйнстрым. Але ёсць шмат музыкаў, якія хацелі б сябе паказаць, неяк прадставіць сябе. Гэта музыкі, якія не маюць такой магчымасці. Ім да галоўнай сцэны яшчэ даволі доўгі шлях.

Таму мы зрабілі гэтую невялічкую сцэну, каб даць магчымасць гэтым гуртам сябе прадставіць.

Якія былі чаканні? Усе чаканні, якія мы мелі, усе мы атрымалі. Нават ужо за першы дзень. Першы ў нас атрымаўся цяжкім. Гэта быў панк і гэта быў метал. На наступны дзень там будзе іншая, больш лайтовая, музыка. Але ў першы дзень мы, як кажуць: Make Басовішча great again! То бок, мы трохі натхняліся духам старога «Басовішча» і паспрабавалі зрабіць на нашай сцэне нешта падобнае на гэтыя самыя першыя музычныя фестывалі, пры гэтым паклікаць як маладых выканаўцаў, якія толькі спрабуюць сябе, так і сталыя калектывы, як “Rodvaloth”, якія выдаюць базу і зносяць дах усім.

На жаль, канешне, яшчэ некалькі лакацый адначасова працуюць. І я разумею, што мы ім вельмі перашкаджалі. Я афіцыйна прабачаюся за гэта.

Але тое, што тычыцца першага дня і таго, што атрымалася, я вельмі задаволены. З улікам таго, што мы амаль што не мелі часу на саўнд-чэкі ўсіх гуртоў, мы падрыхтавалі толькі саму сцэну, таму першы гурт атрымаўся трохі скамечаны, але потым мы адладзілі гук і атрымалася добра.

І пайшоў вось гэты самы фестывальны вайп, тое, што мы ўсе любім, дзеля чаго, кожны сюды едзе. І вось атрымалася, я лічу. Спачатку людзі падыходзілі-адыходзілі, а потым ужо не сыходзілі. Божачкі, які гэта быў слэм! Беларусы таксама ўмеюць адрывацца!

Цалкам матэрыял:

Марына Савіцкая, racyja.com