«Асабістая гісторыя Бяляцкага — летапіс краіны». Таццяна Нядбай пра прысуд Алесю Бяляцкаму

Старшыня Беларускага ПЭНа, паэтка Таццяна Нядбай на сваёй старонцы ў Фэйсбук пракаментавала прысуд Нобелеўскаму лаўрэату міра, главе праваабарончага цэнтра «В*сна» Алесю Бяляцкаму і яго калегам ды паплечнікам Валяціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу.

Фота з асабістай старонкі ў Фэйсбук

«10 гадоў Бяляцкаму, 9 — Стэфановічу, 7 — Лабковічу. 

Не было ілюзій. Мая падтрымка сёння родным, сябрам і калегам з В*сна <…>.

Несправядлівы і палітычна матываваны прысуд Бяляцкаму — чалавеку, які ўсё сваё жыццё прысвяціў беларускай культуры і правам чалавека, — сведчанне таго, што рэжым у Беларусі сёння — антыбеларускі і антынародны — помсціць нязломным грамадзянам за іх няўхільную пазіцыю і непрыманне дыктатуры, гвалту і хлусні.

Праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі сёння ўвасабляе сабой усю грамадзянскую супольнасць Беларусі, якая не хоча мірыцца з несправядлівасцю і парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, знішчэннем беларускай культуры.

Чалавек эпіцэнтра — ён заўсёды быў у віры лёсавызначальных для краіны і грамадства падзеяў. Ён двойчы свядома выбраў не з’ехаць, а застацца — са сваім народам, у сваёй краіне. Асабістая гісторыя Бяляцкага — летапіс краіны: вехі прыватнага жыцця шчыльна пераплятаюцца з этапамі станаўлення новай Беларусі, пра якую мы марым», — напісала Таццяна Нядбай.

budzma.org