«Магчыма, мы ніколі не даведаемся, дзе яна». Куды знікла Мельнікава, высвятляюць польскія журналісты

Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. Варшава, Польшча. 19 ліпеня 2024 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Польскія журналісты-расследвальнікі знялі спецыяльны рэпартаж «Аперацыя «Мельнікава» для тэлеканалу TVP INFO. У сюжэце свае версіі знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады выказваюць Святлана Ціханоўская, кіраўнік НАУ, намеснік Святланы Ціханоўскай Павел Латушка, віцэ-спікерка КР Стася Гліннік, заснавальнік BYPOL Аляксандр Азараў, а таксама былыя супрацоўнікі спецслужбаў Польшчы.

Агентка ці ахвяра?

Пра лёс Анжалікі Мельнікавай нічога не вядома ўжо 6,5 месяцаў. Апошні раз на сувязь яна выходзіла 21 сакавіка 2025 года. Як стала вядома пазней, 26 лютага яна вылецела разам з дзецьмі з Варшавы ў Лондан. 28 лютага паляцела ў Шры-Ланку. 7 сакавіку была ўжо ў Дубаі. Там яна перадала дзяцей маці і знікла, а разам з ёй – грошы з рахунку «Кіберпартызанаў» – 150 тысячаў еўраў.

Са словаў віцэ-спікеркі Каардынацыйнай Рады Стасі Гліннік, спачатку было дзевяць версіяў таго, што магло здарыцца з Мельнікавай. На сённяшні дзень засталіся тры: што яна ад самага пачатку была супрацоўніцай спецслужбаў, што была завербаваная пад прымусам у Польшчы, і што КДБ спрабаваў завербаваць яе, аднак штосьці пайшло не так, «і ў такім выпадку цалкам магчыма, што яна ўжо мёртвая».

«Думкі пра яе вагаюцца ад таго, што яна агентка, да таго, што яна ахвяра», – кажа Стася Гліннік.

Прадстаўніца КР прыгадвае выступ Мельнікавай на канферэнцыі дэмсілаў у Варшаве ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі сёлета. Гліннік кажа, што прамова Анжалікі была дзіўнай і хутчэй «у стылі Лукашэнкі, чым нашым».

«Гэта была канферэнцыя, дзе мы мусілі паказаць альтэрнатыву лукашэнкаўскаму свету. Але яна выбрала такія тэмы, што проста расказвала, што хоча дадому, і як ёй сумна без ейнай гімназіі. Гэта было дзіўна. А напрыканцы яна пачала спяваць песню, якую ў нас звычайна спявалі на «Славянскім базары». Я ўвесь час думаю, што тая песня была хутчэй у лукашэнкаўскім стылі, чым у нашым», – распавядае віцэ-спікерка КР.

Павел Латушка прыгадвае, што напярэдадні знікнення Мельнікавай ні ў каго не было падазрэнняў, што з ёй штосьці адбываецца. Стася Гліннік у сваю чаргу кажа, што калегі як раз заўважылі пэўныя незразумелыя праявы. Напрыклад, тое, што заўсёды актыўная Мельнікава перастала працаваць. Але яна казала, што хварэе, таму ейныя паводзіны спісалі на гэта, а таксама на магчымае выгаранне.

Латушка: «Буду аспрэчваць, што яна была агенткай»

Латушка зазначае, што 25 сакавіка, калі атрымаў паведамленне ад Мельнікавай, зразумеў, што гэта не яна піша са свайго тэлефону. Пазней атрымалася высветліць, што 19 сакавіка тэлефон уключаўся ў Беларусі, што, аднак, не даказвае, што Мельнікава таксама была там.

Кіраўнік НАУ не згодны з тым, што Анжаліка ад самага пачатку была супрацоўніцай спецслужбаў.

«Я буду аспрэчваць, калі хтосьці скажа, што яна была агенткай спецслужбаў. Дзякуючы ейнай камунікацыі Польшча прызнала Каардынацыйную раду беларускім парламентам у выгнанні. Я задаю пытанне – гэта было заданнем спецслужбаў? Гэта вялізны мінус для іх», – падкрэслівае Латушка.

Ёсць версія, што ў гісторыі са знікненнем не апошнюю ролю адыграў былы муж Мельнікавай, які, нягледзячы на развод, прыязджаў да яе ў Польшчу, жыў з ёй і вёў справы сваёй фірмы з хатняга адрасу былой жонкі. А потым без праблемаў вяртаўся ў Беларусь. Польскія журналісты мяркуюць, што гэта можа значыць, што ў Беларусі яго схілілі да супрацы са спецслужбамі, і ён прыязджаў да Мельнікавай збіраць пра яе інфармацыю, а яна, магчыма, нават ведала, што ён супрацоўнічае.

Кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў мяркуе, што родныя Анжалікі, у тым ліку муж, ведаюць, што з ёй адбылося, бо ніхто з іх не падаў ніводнай заявы аб ейным знікненні – ні ў Беларусі, ні ў Польшчы.

Былы сілавік лічыць, што Мельнікава не ў Беларусі:

«Калі б яна была ў Беларусі, яе б не ўдалося там схаваць, калі б яна трапіла ў турму, хтосьці сядзеў бы з ёй, выйшаў і сказаў бы пра гэта. Калі б яна была на волі, яе б убачылі. Таму, хутчэй за ўсё, яна не ў Беларусі, а недзе за мяжой, у краіне, з якой няма экстрадыцыі ні ў Беларусь, ні ў Польшчу, бо тое, што яна зняла грошы з рахунку, гэта злачынства, і раней ці пазней Інтэрпол абвесціць яе ў вышук».

Аўтары рэпартажу распавядаюць, што высветлілі, што хтосьці зусім нядаўна карыстаўся профілем Анжалікі Мельнікавай у Google – 6 ліпеня 2025 года. Таксама хтосьці заходзіў у ейны Тэлеграм менш за месяц таму.

Не прыярытэт для польскіх спецслужбаў

Справу аб знікненні Анжалікі Мельнікавай расследуе пракуратура ў Любліне. Неафіцыйна польскія журналісты даведаліся, што «знікненне Мельнікавай – беларускі, але таксама і полькі – не прыярытэт для польскіх спецслужбаў».

Былы афіцэр польскай контрвыведкі, які не раскрывае свайго імя, кажа, што «польскія спецслужбы праспалі той момант, калі гэтай справай трэба было зацікавіцца».

«Цяпер можна гадаць, якой была сапраўдная мэта дзеянняў беларускіх спецслужбаў супраць Мельнікавай. Ці гэта было высмоктванне з яе інфармацыі? Ці схіленне да супрацы? Мельнікава павінна была быць з прычыны займанай ёй пасады пад асаблівым наглядам польскіх спецслужбаў. Аднак, здаецца, яна пад такім наглядам не была. Гэта паказвае бяззубасць польскай контрвыведкі, якая такое дапускае. І вельмі магчыма, што мы ніколі не даведаемся, што здарылася з Анжалікай Мельнікавай», – рэзюмуе былы супрацоўнік польскіх спецслужбаў.

У студыі TVP Info справу Анжалікі Мельнікавай аўтары рэпартажу абмяркоўвалі таксама з маёрам-доктарам Ганнай Грабоўскай-Сівец, былой спецслужбоўцай контрвыведкі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы, цяпер выкладчыцай Беластоцкага ўніверсітэту. Пра што ішла гаворка – глядзіце па спасылцы.

Пасля рэпартажу – праграма «Белсату» «Прасвет», у якой сюжэт польскіх журналістаў разбіраюць вядоўцы «Белсату» Сяргей Пеляса і Дзмітрый Міцкевіч і кіраўнік фонду BY_Help Аляксей Лявончык.

Марыя Міхалевіч, belsat.eu