
Беларускі добраахвотніцкі рух ва Украіне губляе патэнцыял (у тым ліку рэкрутынгавы), і яму пагражае расцярушанне. Пра гэта гаворыцца ў аналітычным даследаванні Савета знешняй палітыкі “Украінская прызма”, які атрымала „Еўрарадыё“. Яго падрыхтавалі Павел Радзь і Яраслаў Чарнагор.
Даследчыкі прааналізавалі беларускі добраахвотніцкі рух ад 2014 года да нашых дзён. Яны адзначылі ўдзел беларусаў у Рэвалюцыі Годнасці і абароне Украіны на ўсходніх тэрыторыях. Аднак у 2017-2020 гадах беларускі добраахвотніцкі рух стаў згасаць.
Вялікая беларуская эміграцыя пасля 2020-га і шырокамаштабная расійская агрэсія выклікалі новы ўздым гэтага руху. Даследчыкі пералічваюць беларускія вайсковыя злучэнні, якія ваююць на ўкраінскім баку. Яны адзначаюць, што полк імя Кастуся Каліноўскага быў найбольшым і самым вядомым злучэннем беларускіх добраахвотнікаў, але апошнім часам страціў сваю грамадскую вагу. Прычынай стаў як шэраг унутрыбеларускіх канфліктаў, так і дзеянні ўкраінскіх органаў.
Цяпер найбольшай беларускай арганізацыяй, як адзначаецца ў дакладзе, стаў Беларускі добраахвотніцкі корпус.
Разам з тым даследчыкі мяркуюць, што без стратэгіі, выпрацаванай украінскімі ўладамі, патэнцыял беларускага добраахвотніцкага руху будзе згасаць, як гэта адбывалася ў 2017-2020 гадах.
Сярод мераў, якія прапануюць аўтары дакладу, называюцца:
— развязанне юрыдычных перашкод (легалізацыя для байцоў і ветэранаў),
— стварэнне аб’яднанай структуры беларускіх добраахвотнікаў пад патранатам адной з украінскіх сілавых структур,
— стварэнне палітычнага прадстаўніцтва з ліку былых байцоў, што дазволіць пазбегнуць парушэння вайсковай дысцыпліны,
— падрыхтоўка да пасляваеннага перыяду і падтрымка ветэранаў вайны.
