
9 сакавіка ў Форын Офісе Міністэрства замежных спраў, Садружнасці нацый і міжнароднага развіцця Вялікабрытаніі (FCDO) у Лондане адбыліся другія кансультацыі паміж прадстаўнікамі ўрада Вялікабрытаніі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Брытанскую дэлегацыю ўзначаліў дырэктар Дэпартамента Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FCDO Крыс Аллан, а беларускую — галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка:
– Абмяркоўвалі сёлета бяспекавую сітуацыю ў Беларусі, вызваленне палітвязняў, эфектыўнасць санкцый, а таксама падтрымку для медыя, для беларускай дыяспары, для культурніцкіх ініцыятываў. Прывезлі шмат дакладаў, лічбаў, дадзеных, а таксама рэкамендацыі нашых брытанскіх калегаў. І было вельмі цікава зверыць гадзіннікі, паглядзець, дзе мы стаім. І як вось у новым кантэксце, у новай геапалітычнай рэальнасці мы можам быць адно аднаму больш карыснымі. Дзякуй вялікі Вялікабрытаніі за прыём і за высокі ўзровень арганізацыі гэтых слуханняў.
Па словах Вячоркі, асаблівую ўвагу ўдзельнікі сустрэчы надалі пытанням бяспекі, уключаючы рэгіянальную стабільнасць, удзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны і рызыкі мілітарызацыі. Таксама абмяркоўваліся сацыяльныя і псіхалагічныя наступствы рэпрэсій і прымусовай эміграцыі для беларускіх сем’яў.
