
Віктар Бабарыка заявіў, што аргкамітэт партыі «Разам» «пасля неаднаразовага і дэталёвага абмеркавання» прыняў рашэнне «аб няўдзеле нашай партыі ў вясновых выбарах у Каардынацыйную Раду».
«Мы лічым, што перад тым, як удзельнічаць у выбарах у КР, неабходна змяніць прынцыпы фармавання і ўзаемадзеяння ўсіх інстытуцыйных органаў дэмакратычных сіл у эміграцыі на падставе парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі, якія павінны забяспечваць незалежнасць, празрыстасць і падсправаздачнасць усіх гэтых інстытуцый…
На дадзены момант мы не бачым магчымасці сапраўды забяспечыць эфектыўнасць КР і мэтазгоднасць сваёй дзейнасці ў яе рамках» – сказана ў заяве Бабарыкі.
Здаецца, гэта ключавыя словы. Выглядае, партыя Бабарыкі не ўбачыла для сябе ніякіх патэнцыйных плюсаў у тым, каб удзельнічаць у выбарах у КР. Магчыма, перамагло меркаванне, што на сёння КР – гэта малаперспектыўны, гіблы праект (хаця, натуральна, ніхто з іх не скажа пра гэта ўслых).
Калі на апошніх выбарах за дэлегатаў КР галасавала 6700 чалавек, то цяпер, з улікам сітуацыі і працягу трэнду на дэпалітызацыю беларускай дыяспары, – як чакаецца, прагаласуе яшчэ менш. Ды і сама КР за апошнія месяцы ўспрымаецца больш як крыніца нейкіх скандалаў (дастаткова ўзгадаць знікненне спікеркі Рады Мельнікавай), звадак, асабістых рахункаў. Усе больш людзей з пэўным палітычным імем успрымаюць яе як структуру, якая не заслугоўвае іхнай увагі і ўдзелу. Канешне, гэта сумная ацэнка з майго боку, але гэта канстатацыя фактаў і тэндэнцыяў.
Партыя Бабарыкі яўна вырашыла, што няма патрэбы ўвязвацца ў гэтыя “гульні ў пясочніцы”. Дарэчы, наколькі мне вядома, тое самае вырашыў і “Блок” Кныровіча, Ягорава, Пракоп’ева.
Гучалі меркаванні, што ўдзел бабарыканцаў можа падагрэць інтарэс да выбараў у КР. Але, відаць, цвярозая ацэнка сітуацыі падказала ім, што гэта наўрад ці адбудзецца – прынамсі, у тых маштабах, якія могуць дазволіць казаць пра нейкую «перамогу».
Ды і якія стаўкі? Пайсці на выбары і прайграць фракцыі Паўла Латушкі? А нават калі яны набралі б большасць на выбарах – для чаго? Каб там у КР, захрасці ў вырашэнні нейкіх дробязных пытанняў? Змагацца за гендарныя квоты? Каб раз у два гады паслухаць адказы Святланы Ціханоўскай? Каб ганарыцца атрыманымі 1-2 тысячамі галасоў выбарнікаў і казаць пра сваю легітымнасць на гэтай падставе?
Відавочна, што рашэнне каманды Віктара Бабарыкі сур’ёзна б’е па іміджы, легітымнасці ў вачах дыяспары і перспектывах КР.
