МЗС Літвы адрэагавала на прызнанне ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй»

Будынак ЕГУ ў Вільні. Фота: ehuniversity.lt

Міністр замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс рэзка раскрытыкаваў пастанову беларускіх уладаў прызнаць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт «экстрэмісцкай арганізацыяй» і выказаў падтрыманне ВНУ.

«Крок Менску ў прызнанні «экстрэмісцкай арганізацыяй» Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, акрэдытаванага беларускага ўніверсітэту, што працуе ў выгнанні ў Вільні, ёсць абуральным. Ён ставіць студэнтаў, выкладчыкаў і іхныя сем’і пад сур’ёзную рызыку і перашкаджае доступу да незалежнай, аб’ектыўнай адукацыі. Гэта яшчэ адзін варожы крок з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць Літвы і ЕЗ. Мы гатовыя падтрымаць супольнасць ЕГУ», – напісаў Кястуціс Будрыс у сацсетцы X.

Раней Вярхоўны суд Беларусі прызнаў дзейны ў Вільні Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт разам з яго структурнымі падраздзяленнямі «экстрэмісцкай арганізацыяй» і забараніў яго дзейнасць у краіне. У Генеральнай пракуратуры Беларусі заявілі, што ўніверсітэт нібыта курыруецца замежнымі дзяржавамі і фондамі, а яго дзейнасць накіравана на «дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай абстаноўкі» і рыхтаванне моладзі да «заходніх сцэнароў трансфармацыі».

У самім універсітэце заявілі, што пастанова беларускіх уладаў не паўплывае на яго працу. Кіраўніцтва падкрэсліла, што не прызнае яго легітымным і лічыць незаконным і такім, што не мае юрыдычнай моцы ў межах літоўскага і міжнароднага права.

У звароце да студэнтаў і выкладчыкаў адзначаецца, што адукацыйны працэс працягнецца ў звычайным рэжыме, а дзейнасць універсітэту не будзе перапыненая. Пры гэтым у ВНУ прызнаюць, што пастанова можа выкарыстоўвацца як інструмент ціску на грамадзянаў Беларусі, звязаных з універсітэтам, і раяць улічваць магчымыя рызыкі.

Кіраўніцтва таксама заявіла пра гатовасць падтрымліваць студэнтаў і выкладчыкаў у выпадку магчымых наступстваў.

Ганна Калтыгіна, belsat.eu