Дзмітрый Гурневіч: Спрабую знайсці прычыну галасаваць за КР, але не знаходжу. З-за паводзін сяброў КР

Дзмітрый Гурневіч

Журналіст «Свабоды» Дзмітрый Гурневіч падзяліўся развагамі пра Каардынацыйную раду напярэдадні новых выбараў. Ён галасаваў мінулы раз, але кажа, што яму складана знайсці прычыну галасаваць зноў. Асноўная прэтэнзія аўтара — засяроджанне структуры на ўнутранай бюракратыі і адсутнасць бачных вынікаў працы.

Як чалавек, які галасаваў на выбарах у Каардынацыйную Раду ў 2024 годзе, я спрабую знайсці прычыну зрабіць гэта яшчэ раз, але не ўдаецца.

Каб пазбегнуць непатрэбных тлумачэнняў, адразу дадам, што як тады, так і цяпер, туды вылучаецца шмат вельмі годных людзей, адукаваных, адважных і актыўных. І менавіта гэта прымушае мяне задумацца: а куды яны накіроўваюць сваю энергію, чым там займаюцца і які ад гэтага Каэфіцыент карыснага дзеяння?

Магчыма ён ёсць, і нават вялікі, я буду ўдзячны, калі нехта мне раскажа і я прызнаю, што памыляўся.

Аргумент, што іх сілу і ўплыў даказвае рэжым, пераследуючы і канфіскуючы маёмасць, не пераконвае мяне. Так адбываецца барацьба з амаль усімі апанентамі ўлады.

Аргумент, што гэта прадстаўнічы орган? А без яго было неяк інакш, і ніхто на Захадзе не ўспрымаў дэмакратычныя сілы? Дык нічога ж не змянілася. Але цяпер гэта яшчэ і заслуга КР.

Магчыма за час ад апошніх выбараў сябры КР распрацавалі праекты рэформаў, як гэта анансавалася. Давайце складзём рэйтынг самых цікавых!!! Я пакуль сам нічога не сустракаў, прытым, што цікаўлюся і нават удзельнічаю ў тэлеграм-групе, дзе дыскутуюць сябры КР. Але выглядае, што прынамсі там сябры КР займаюцца пераважна «сенсацыямі» вакол КР. І ў гэтым я бачу тупік.

Бо разумныя людзі атрымалі бюракратычную структуру і накіроўваюць сваю энергію на «барацьбу», якую ніхто нават не заўважае. Яны спрачаюцца пра бюракратыю.

КР мелася стаць школай парламентарызму, дзе яе чальцы пакажуць, як прымаюцца рашэнні і праводзяцца дыскусіі. Але рашэнні пра што? Пра рэзалюцыі, стратэгіі, планы? Пра стварэнне чарговых груп сяброўства ў іншых парламентах? Гэта гучыць прыгожа і салідна, але на што гэта ўплывае? Што будзе прынятая чарговая заява салідарнасці ПАРЭ з Беларуссю? Гэта толькі стварае ілюзію бурлівай працы без нейкага выніку.

КР стварыла новых зорак у палітыцы? Бадай наадварот, частка цікавых людзей сышла адтуль і зараклася займацца палітыкай. Там, дзе я бачу ў дыскусіях сяброў КР, яны размаўляць пра КР.

Мой матыў допісу — не пустая крытыка, а спроба зразумець.

Сэнс любой палітычнай актыўнасці, на маю думку, павінен быць накіраваны на працу з грамадскай думкай унутры краіны. А калі актывісты займаюцца бюракратыяй — на гэта проста не застанецца часу. Паўтаруся, шкада энергіі разумных людзей у КР.

А аргумент, што беларусам у гэтым палітычным будаўніцтве зайздросцяць нават расейцы ў эміграцыі, такі сабе.

Але я не губляю надзеі пачуць сэнсоўныя аргументы і што я знайду прычыну прагаласаваць і гэтым разам.

nashaniva.com