Беларускай бібліятэцы і музею імя Францішка Скарыны ў Лондане – 55 гадоў!

Беларускай бібліятэцы і музею імя Францішка Скарыны ў Лондане – 55 гадоў!

15 траўня галоўная скарбніца беларусазнаўчай і эмігранцкай літаратуры ў замежжы адзначае 55-годдзе!

Тры слынныя сыны Беларусі, тры святары з „беларускай вёскі“ на поўначы Лондана – Чэслаў Сіповіч, Леў Гарошка і Аляксандр Надсан – ахвяравалі шмат сілаў і гадоў напружанай працы, каб аднойчы ўрэчаісніць сваю мару: увесці ў сусветны навуковы ўжытак у якасці тэмаў і прадметаў даследаванняў Беларусь і беларускую культуру. Іх адданасць беларушчыне дапамагла здзейсніць гэта напоўніцу: у далёкім 1971 годзе ў гэты самы дзень дзверы „Скарынаўкі“ адчыніліся, каб у далейшыя гады паспрыяць з’яўленню тысячаў беларусазнаўчых даследанняў на самых розных мовах, зробленых сотнямі беларускіх і замежных навукоўцаў.

Сёння фонды Бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане налічваюць каля 40 тысяч кніг, старадрукаў і рукапісаў, больш за 200 найменняў падшывак перыёдыкі, больш за сотню рэдкіх мапаў, а таксама архівы дзеячаў і арганізацый беларускай дыяспары. Фонды і экспазіцыя працягваюць актыўна папаўняцца, а сама бібліятэка мае культавы статус і выконвае функцыю знакавай культурніцкай пляцоўкі ў Лондане.

Унёсак „Скарынаўкі“ ў сусветнае беларусазнаўства неацэнны. І асаблівае значэнне ваш найбуйнейшы ў замежжы кнігазбор мае сёння, калі беларуская кніжная культура сутыкаецца з барбарскімі нападамі ворагаў усяго беларускага і ў замежжы, і на Радзіме.

Віншуем Бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане з юбілеем! Хай фонды ўвесь час папаўняюцца, архівы апрацоўваюцца і ўводзяца ва ўжытак, чытачоў і даследчыкаў усё более, і беларуская культура ўсё трывалей замацоўваецца ў зацікаўленнях сусветнай навукі!

ЗБС „Бацькаўшчына“