
Падчас анлайн-вэбінара, прысвечанага пытанням міжнароднай абароны і механізмам INTERPOL у 2026 годзе, вядучы партнёр Legal Status і эксперт па экстрадыцыйных справах Алесь Міхалевіч акцэнтаваў увагу на небяспецы для беларускіх і расейскіх актывістаў у некаторых краінах.
Паводле Міхалевіча, сітуацыя з бяспекай у Грузіі і Арменіі няўхільна пагаршаецца:
– Арменія, з майго пункту гледжання, гэта небяспечная краіна. У гэтай краіне карыстаюцца базай СНД, тут актыўна затрымліваюць па ёй і актыўна экстрадзіруюць. Грузія спрабуе пазбаўляцца ад лішніх актыўных грамадзянаў, і, нягледзячы на адсутнасць дыплатамычных адносінаў з Расейскай Федэрацыяй, досыць актыўна экстрадзіруе.
Таксама Алесь Міхалевіч закрануў новую сур’ёзную загрозу — практыку пазбаўлення грамадзянства з боку Беларусі і Расеі ў адносінах да тых, хто апынуўся ў выгнанні. Галоснасць – найлепшае супрацьдзеянне у розных падобных сітуацыях:
– Я заўжды даю такую параду – паведаміць пра вашае затрыманне, паведаміць у СМІ. Калі вы сапраўды мінімальна статусная асоба апазіцыі ці журналіст незалежных медыяў і г.д., то паведаміце пра гэта. Няхай пра гэта пачнуць пісаць. Таму што будуць задзейнічаны каналы, пра якія вы нават не маеце ўяўлення.
Алесь Міхалевіч заклікаў да абачлівасці падчас падарожжаў: нават калі вы ляціце ў бяспечную еўрапейскую краіну, катэгарычна пазбягайце транзітных перасадак і дазаправак у трэціх краінах, якія лаяльна ставяцца да Расеі і Беларусі (напрыклад, у Турцыі), бо там рызыка затрымання застаецца надзвычай высокай.
