Гісторыя аднаго фотаздымку

Пра чарговы цікавы артэфакт са сваіх збораў расказаў для чытачоў Czasopisu даследчык беларушчыны і калекцыянер з Кракава Ілля Андрэеў. Гэтым разам гаворка пра фотаздымак, які сведчыць пра адзін з эпізодаў жыцця беларускай эміграцыі ў Празе. На фота, зробленым больш за дзевяноста гадоў таму, сярод удзельнікаў украінскага хору знайшліся два вядомыя беларусы – Васіль Русак і Тамаш Грыб.

Ілля стаў уладальнікам фотаздымку дзякуючы знаёмаму антыквару з Прагі, які дасладаў яму некалькі фота для атрыбуцыі. Адзін са здымкаў быў падпісаны. Фота было выканана ў залі «Radio» ў Празе 3 снежня 1933 года, на ім прадстаўлены  калектыў украінскага хора пад кіраўніцтвам вядомай украінскай дырыжоркі Платоніды Щуровськай-Росиневич, які ўдзельнічаў у канцэрце народных песень славянскіх народаў. Надпіс на адваротным баку здымку таксама паведамляе, што сярод чальцоў хору былі беларусы: інжынер В. Русак (стаіць першы злева ў другім шэрагу –  „білорус – барітон”),  а таксама Тамаш Грыб (як пазначана на фота – „білорус, распарадчык на сцэне” – стаіць другі злева ў верхнім шэрагу).

Набыты Іллём Андрэевым артэфакт з 1933 г. На малавядомым фота стаіць першы злева ў другім шэрагу беларускі нацыянальны і грамадскі дзеяч Васіль Русак (1896–1954)

З аднаго боку, у фотаздымку няма нічога незвычайнага, бо Чэхаславакія ў міжваенны час стала сапраўдным цэнтрам беларускага жыцця ў эміграцыі, і пра гэта даследчыкі беларускай гісторыі мінулага стагоддзя сабралі і апублікавалі шмат матэрыялаў. Нагадаем толькі, што ў Празе ў той перыяд працаваў урад БНР, ствараліся студэнцкія, навуковыя і культурныя аб’яднанні, друкаваліся кнігі і перыёдыка. Не менш важным было тое, што чэхаславацкі ўрад выдаваў стыпендыі студэнтам-беларусам. Падтрымка гэтая была, можа, і сціплая, але дзякуючы ёй дзясяткі беларусаў-эмігрантаў атрымалі еўрапейскую вышэйшую адукацыю.

Разам з тым Ілля, які належыць да той групы калекцыянераў што праводзяць даследванне кожнага чарновага набытку і імкнуцца „выжаць” з яго максімум інфармацыі, упэўнены, што набыты ім артэфакт шмат у чым унікальны. Па-першае, паводле ягоных слоў, гэта прыемны і малавядомы факт з гісторыі беларуска-украінскіх стасункаў, якія мелі месца пасля абвяшчэння беларускай і ўкраінскай дзяржаўнасці і працягваліся ў міжваеннае дваццацігоддзе. Па-другое, уладальніка фотаздымка зацікавілі прадстаўленыя на ім асобы, перад усім, Васіль Русак.

Сапраўды, біяграфія гэтага чалавека, прадстаўленая ў беларускім сегменце Вікіпедыі, уражвае. Васіль Русак – ураджэнец Случчыны, удзельнік Першай сусветнай вайны. Да беларускага нацыянальнага руху далучыўся найпазней у 1917 годзе, быў актыўным чальцом культурнай арганізацыі „Папараць-кветка”, у 1920-м прымаў удзел у Слуцкім паўстанні, будучы камандзірам ІІ Грозаўскага паўку. Пераследваўся бальшавікамі, а пазней і польскімі ўладамі, быў вымушаны з’ехаць у Літву, а напрыканцы 1922 года, па рэкамендацыі прадстаўніцтва БНР у Коўне выехаў на вучобу ў Чэхаславакію, дзе паступіў ў Праскую вышэйшую тэхнічную школу на агранамічны факультэт. У час вучобы Васіль Русак актыўна ўдзельнічаў ў грамадзка-палітычным жыцьці беларускае эміграцыі, быў, між іншым, адным з кіраўнікоў Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў за граніцай і Заходняй Беларусі, працаваў ў Беларускім (Крывіцкім) культурна-асветніцкім таварыстве ім. Ф. Скарыны, дасылаў матэрыялы да часапісу „Перавясла”.

Пасля вучобы застаўся жыць у Празе, ажаніўся с чэшкай і заснаваў паспяховы бізнэс, прыбыль ад якога дазваляла працягваць грамадзкую дзейнасць. У 1931 годзе Васіль Русак ўзначаліў Праскі Беларускі нацянальны камітэт, за свой кошт падрыхтаваў і выслаў у Лігу Нацяй мэмарандумы на францускай мове ў абарону нацыянальных і сацыяльных правоў беларускага народу, у 1934 годзе выдаў на лацінцы «Biełaruski śpieŭnik», фундаваў выданьне часапісу „Iskry Skaryny”, а 1936-м разам з украінцамі-эмігрантамі арганізаваў у Празе сумесны беларуска-ўкраінскі фэст народнае песні. Працягваў ён дзейнасць на карысць беларускай эміграцыі і пасля анэксіі Чэхаславакіі Гітлерам, а ў акупаванай нацыстамі Празе хаваў дзве яўрэйскія сям’і і дапамог ім атрымаць пасведчанні, што яны беларусы. Фінал жыцця Васіля Русака быў трагічны. У 1945 годзе ён быў арыштаваны савецкай контрвыведкаў, вывезены ў СССР і ўсаджаны да 10 гадоў лагеру, дзе й памёр у 1954 годзе.

Васіль Русак гэта сапраўды цікавая і заслугоўваючая ўвагі постаць – расказвае Ілля Андрэеў – актыўны грамадскі дзеяч, арганізатар культурнага жыцця, выдавец, чалавек энергічны і дзейны. Але да яго гісторыі я прыйшоў крыху з іншага боку. У 2020 годзе, калі яшчэ жыў у Беларусі, збіраючы ў Нацыянальным архіве матэрыялы для выдання пра планы і мапы Менска, звярнуў увагу на адну цікавую мапу Беларусі, выдадзеную ў Празе ў 1942 годзе падчас нямецкай акупацыі, аўтарам якой быў пазначаны інжынер Васіль Русак. І вось на гэтай мапе этнаграфічны контур Беларусі выцягваўся ажно да Фінскай затокі, а Санкт-Пецярбург станавіўся памежным горадам. З улікам такога «паходжання» апублікаваць мапу ў беларускім дзяржаўным выдавецтве наўрад ці атрымалася б. І, шчыра кажучы, было разуменне, што такі праект «уяўленай» Беларусі (а такіх можна налічыць некалькі) павінен быў быць неяк папярэдне абгрунтаваны, а на той момант у мяне не было ніякіх зачэпак. Пазней, дзякуючы матэрыялам Скарынаўскай бібліятэкі, убачыў, што падобных мап існавала даволі шмат. Высветлілася, напрыклад, што такі арэал беларускай мовы абгрунтаваў Ян Станкевіч (каму цікава: J. Stankiewicz, Stan badań nad klasyfikacją dialektów języka białoruskiego, Balticoslavica, t. II, 1936). Цікавым пытаннем застаюцца матывы Васіля Русака пдачас стварэння мапы. Ці гэта была такая спроба пацешыць сваё ўяўленне? Або можа ў час сусветнай вайны было адчуванне пэўнага акна магчымасцяў для Беларусі і беларусаў.

Этнаграфічная карта Беларусі, контур якой выцягваўся ажно да Сувалкаў і Фінскай затокі, а Санкт-Пецярбург станавіўся памежным горадам

Ілля прызнаецца, што напачатку спадзяваўся, што фотаздымак мог быць следам нейкага прыватнага архіва. Аднак астатнія фота не былі падпісаныя, хаця, падобна, таксама былі звязаныя з дзейнасцю беларусаў-эмігрантаў ў Празе. Разам з тым, адзначае ён, публікацыя фота выклікала пэўную зацікаўленнасць сярод гісторыкаў і краязнаўцаў, напрыклад, адгукнуўся даследчык беларускай эміграцыі ў Чэххі Сяргей Кнырэвіч, які падзяліўся сваімі грунтоўнымі ведамі. Магчыма, далейшая праца з артэфактам дазволіць адкрыць раней невядомыя старонкі дзейнасці беларускай грамады ў Чэхіі

Павел Лукашук, czasopis.pl