Аляксандр Паршанкоў: «Беларускае студэнцтва патрабуе дапамогі»

Калі ён абараняў сваю магістарскую дысертацыю, на гістфаку БДУ выставілі ахову, а рэцэнзент на шасці старонках распісаў, што работа Аляксандра Паршанкова вартая мінімальнай адзнакі. Сёння малады чалавек вучыцца ў дактарантуры Карлавага ўніверсітэта. Каб мець такую магчымасць, дзяржаве ён выплаціў больш як 35 тысяч рублёў: студэнта з сярэднім балам 9,8 размеркавалі ў Яслі-сад-сярэднюю школу аграгарадка Жодзішкі. Такой была помста за яго актыўнасць у 2020 годзе, піша «Радыё Ўнэт».

Заплаціўшы грошы, каб не адпрацоўваць размеркаванне, Аляксандр Паршанкоў паехаў у Чэхію. У найстарэйшым універсітэце Еўропы ён піша дысертацыю пра крыніцы Бібліі Францыска Скарыны. Навуковую дзейнасць спалучае з грамадзянскім актывізмам. Стварае магутныя суполкі, дапамагае беларускаму студэнцтву ў замежжы, а не так даўно далучыўся да Каардынацыйнай рады. 

− Саша, што прывяло ў Варшаву? 

− Мяне запрасілі на кафедру беларусістыкі на праграму Erasmus. На 2 тыдні патрапіў у польскую сталіцу. Днём − навука, вечарам − сустрэчы, размовы. У мяне тут вельмі шмат сяброў і знаёмых. 

− У цябе адбылася сустрэча са студэнтамі кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Пра што вы размаўлялі? 

− Мы размаўлялі пра тое, што нельга прымаць на веру ўсё, што кажуць. І асабліва, калі гэта тычыцца такіх тытанаў, такіх легендарных постацяў як Францыск Скарына. Я казаў пра крытычнасць і пра тое, як яе трэба выхоўваць у сабе. Распавёў, як паўстала дысцыпліна скарыназнаўства. 

− А якія самыя распаўсюджаныя міфы пра Скарыну? 

− Самы распаўсюджаны міф − гэта партрэт Скарыны. У інтэрнэце гуляе копія 19 стагоддзя. Там Скарына намаляваны зусім па-іншаму. Выходзяць кнігі, падкасты, дзе на вокладцы больш позні малюнак, а не той, што быў у 16 стагоддзі. І мы з гэтым змагаемся.

− Распавядзі, калі ласка, як ты апынуўся ў Празе. 

− У дактарантуру мяне запрасіў дацэнт Карлавага ўніверсітэта Ілля Лямешкін. Мы з ім пазнаёміліся ў Пінску. Я тады нават і марыць не мог, што апынуся ў Чэхіі. Цудам скончыў магістратуру ў БДУ ў 2021 годзе і паехаў вучыцца ў дактарантуру. 

− Ты паехаў па нейкай праграме? Ці паступаў сам?

− Я да апошняга спрабую не карыстацца нейкімі дадатковымі магчымасцямі і заўсёды імкнуся аддаць іх іншым. Паступаў сам, экзамен быў анлайн. У Прагу паехаў па студэнцкай візе. У мяне тут звычайаная дактаранцкая стыпендыя. Плюс ёсць яшчэ стыпендыя Вацлава Гавала − гэта праграма, якая падтрымлівае рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў. Без яе было б цяжка. Бо інтэрнат каштуе 200 еўра, а мая стыпендыя ва ўніверсітэце − 400. Але я не скарджуся. Я з вялікай удзячнасцю стаўлюся да таго народа, краіны, да сталіцы, якая мяне прыняла. 

− Яшчэ дапамагаеш і іншым студэнтам…

− У 2020 годзе я зразумеў, што павінен узяць частку адказнасці. Са сваім сябрам Ягорам Канецкім, які адседзеў па справе студэнтаў, мы былі стваральнікамі Вольнага прафсаюза студэнтаў БДУ. Я не магу кінуць гэтай справы, бо сам апынуўся ў выганнні. Патроху я спрабую выбудаваць сістэму, дапамогі. Агульнымі намаганнямі мы ствараем суполку Students for students. Дагэтуль мы дзейнічалі падпольна, але неўзабаве паўстане сайт, будзе рэкламная акцыя. 

Крыніца: facebook.com/belstudentstvo

− Ты спрычыніўся да стварэння суполкі Беларускае студэнцтва Чэхіі. Якімі пытаннямі вы займаецеся? 

− Усімі. Дапамагаем з візамі, пошукам працы, праграм. Вялікая колькасць маладых людзей апынулася па-за межамі акадэмічнай сферы, але гэта таленавіцейшыя беларусы. А іх выкінулі з краніы, іх збівалі ў ГУБАЗіКу, іх пасадзілі ні за што за краты. І зараз мінімальна 50 студэнтаў яшчэ застаецца ў турмах. А ў якім стане людзі, якія жывуць Беларусі? Якая гэта псіхалагічная вялікая траўма? І мы пра гэта мала гаворым. Неабходна, каб людзі і за межамі Беларусі абавязкова чулі, што беларускае студэнтцва патрабуе дапамогі. 

Просты прыклад − у Нямеччыне ёсць праграма дапамогі рэпрэсаваным, але ты павінен знаходзіцца ў Беларусі і чакаць візы тры месяцы. Чалавек, які выйшаў з турмы, не можа столькі заставацца ў Беларусі. Ён павінен з’ехаць. А калі ты з’язджаеш ва ўмоўную Вільню, ты ўжо не падыходзіш пад крытэрыі і ў цябе проста няма шанцаў патрапіць на праграму. І вось пра ўсё гэта трэба казаць. Трэба агучваць нашыя праблемы на ўвесь свет. 

Поўную размову з Аляксандрам Паршанковым слухайце ў плэеры ніжэй. 

radiounet.fm