Света Бень: Свет сумна прыгожы і смяротна небяспечны

Не так даўно выйшаў альбом «Прием!». Яго аўтаркі — Света Бень і Галя Чыкіс. Альбом — вялікая падзея не толькі ў беларускай музыцы, але і ў паэзіі. У інтэрв’ю часопісу «TAUBIN» Света Бень распавядае пра новы альбом, тэрапеўтычнасць музыкі і тэкстаў, а таксама пра надзею пасярод сумна прыгожага і смяротна небяспечнага свету.

А: «Чтобы выжить мне надо все это забыть». Радок з песні «Чёрные бидоны». Адна палова мяне хоча пагадзіцца, а другая — спыняе. З аднаго боку, вось гэтая заўсёдная засяроджанасць на памяці (я зараз болей пра памяць «перамогі» і ВАВ), у тым ліку, мне падаецца, тлумачыць 20-ты і 22-гі гады. З іншага боку, памяць — важная рэч для разумення сваіх каранёў і самавызначэння, а яшчэ — для праўды. А што вы закладалі ў гэты радок? Ці на самой справе мінулае не мае значэння — з улікам жудаснага цяперашняга?

С: Песня «Чорныя бідоны» не пра памяць. Яна — пра ўсведамленне сябе ў непераносным моманце, які твая псіхіка адмаўляецца перапрацоўваць і ператвараць у няпросты, але карысны вопыт. Гэта, мякка кажучы, не карысны вопыт, які дае нам любая форма гвалту або здрады. Пасля яго ты, тэарэтычна, не павінен быў выжыць, але вымушаны неяк працягваць жыць. А як — не вельмі зразумела.

А: Цікава, што ў гэтым тэксце вы малюеце страшны вобраз рэчаіснасці, пазнавальны для многіх беларусак і беларусаў, але пры гэтым пішаце, што ўсё трэба забыць. Я гэта чытаю так: забыць трэба, але наўрад ці атрымаецца.

С: Так, падобны досвед, не сумяшчальны з жыццём у звыклай і зразумелай яго форме, вядома ж, не можа быць забыты нікім і ніколі. І пра гэта наўпрост напісана ў песні.

Але акрамя адчайных думак пра немагчымасць працягу жыцця, у тэксце пазначана і тое, што асабіста мне дае сілу, якая дазваляе выжыць і нічога не забыць. Таму для мяне гэты тэкст — не толькі песня пра страшнае, але і песня пра надзею.

А: А яшчэ тут ёсць такія словы: «мне нужно все это забыть чтобы никого не убить». Гэта пра «самое злое во мне», якое непераносна прыгожае? Як прымірыцца з гэтым самым злым? Як лютасць ператварыць у нешта канструктыўнае?

С: Каго можа забіць няўзброены чалавек? Перапоўнены лютасцю, ён можа хацець разадраць, вядома ж, шмат каго. Але ў адчайнай сітуацыі чалавек не схільны да гвалту, часцей за ўсё ён хоча проста знікнуць. Самаўхіліцца назаўжды.

У рэфрэне песні чалавек не ўгаворвае сябе забыць пра нешта, ён угаворвае сябе не паміраць, нягледзячы на тое, што ён памятае.

А: У першым жа тэксце альбома, «Кёртису», таксама ёсць пра дыстанцыю: нічога не чуць. Чарапаха запавольвае час. Тэкст стварае абалонку, у якой быццам бы ўсе жывыя і пераканаўчыя. Мне здаецца, гэтая адметнасць задае матыў усяму альбому (хоць у ім даволі багаты спектр эмоцый). Вы вяртаецеся ў юнацтва, а слухачы і слухачкі — у сваё, дзе жывуць важныя для іх людзі. Якім вы бачыце той час з сёння? Як часта вы вяртаецеся, калі так, у мінулае?

С: У мяне так шмат падзей адбываецца ў сучаснасці, што мне, шчыра кажучы, асабліва няма калі думаць пра мінулае. І ўжо, тым больш, звяртацца да яго, аналізаваць яго ці ўсяляк у ім корпацца.

Ёсць нейкія важныя ключавыя моманты, якія проста сфармавалі мой унутраны творчы і інтэлектуальны шкілет. Ёсць такія важныя падзеі, здарэнні і фігуры, якія проста цяпер з’яўляюцца часткай мяне. І Йен Кёрціс — адна з такіх фігур. Ён адразу, яшчэ гадоў у 17, шчыра папярэдзіў мяне, што свет сумна прыгожы і смяротна небяспечны. Таму ён і бачыцца мне вельмі пераканаўчым.

Гэтая песня была напісана гадоў пяць таму, і, перш за ўсё, яна — пра горкае ўсведамленне: што б ты ні сказаў і ні зрабіў, ты абавязкова зробіш камусьці балюча. Пра страту сіл, пра жаданне знікнуць, пра жаданне заплюшчыць вочы і слухаць мора. Нармальная такая дэпрэсіўная песня.

А: Увогуле, у гэтых тэкстах вы настолькі тонка называеце самыя злыя, самыя горкія рэчы сваімі імёнамі, што ствараецца ўражанне пэўнага самавылечвання і тэрапеўтычнасці. Усё гэта, безумоўна, працуе і са слухачамі і слухачкамі. Датычна вас — ці так гэта? Што вы адчулі і адчуваеце зараз, пасля таго, як гэтыя тэксты былі напісаныя?

С: Я цалкам дакладна магу сказаць, што песні, якія я складаю, з’яўляюцца для мяне выратавальнай тэрапіяй. Я пішу тэксты выключна рэдка, часцей за ўсё падчас вострых перажыванняў. Асабіста для мяне яны заўсёды з’яўляюцца такім адказам, які я б хацела пачуць ад свету.

Вось адказ, уласна кажучы, лётае вакол мяне, а я проста хапаю яго і апранаю ў тэкставую форму. Калі ён потым таксама дапамагае камусьці, суцяшае або дазваляе прагаварыць разам нейкі боль, нешта выплакаць або вытанцаваць, то я вельмі рада гэтаму факту.

А: «Не печалуйся» — тэкст, які, на маю думку, самы тэрапеўтычны з усіх. Простыя і зразумелыя думкі: «всё проходит, всё пройдёт», «всё вокруг не насовсем», «не лезь во ад к другим» у спалучэнні з дзіцячай непасрэднасцю нібыта прыміраюць са смерцю. А яшчэ — паказваюць, якая ўсё-ткі чалавек дробка ў гэтым агромністым свеце. Гэтая ўсеагульная смяротнасць дакладна робіць усіх людзей роўнымі адно аднаму. У жыцці вы гэтак жа лёгка гаворыце пра смерць?

С: Ніяк я пра смерць не кажу. Навошта пра яе казаць, калі яе і так вакол няўяўна шмат?

А: Мой любімы тэкст — «Зеркальный шар». Па-першае, што гэта за месца — «там» («там был такой красивый зеркальный шар»)? Па-другое, план эвакуацыі, што «ясен, но невыполним», — гэта «мне нужно все это забыть» ці нешта іншае?

С: «Там» — гэта такое абстрактнае месца, якое можа быць дзе заўгодна. Любое месца, дзе чалавеку сумна, самотна і няўтульна. І вось ён спрабуе знайсці ў гэтай безнадзейнасці нешта прыгожае. І знаходзіць.

А план эвакуацыі, які ясны, але не можа быць выкананы — гэта, вядома ж, вострае жаданне пакінуць гэты свет, адначасова з ясным усведамленнем, што самавольна рабіць гэтага не варта.

А: А які ваш любімы тэкст (кампазіцыя) з альбома і чаму?

СМае любімыя тэксты на альбоме — гэта песня пра ластавак і песня «Можа». Таму што ў іх для мяне ёсць падказка, чаму варта заставацца на планеце Зямля.

А: У вас пачаўся тур. З якімі адчуваннямі і эмоцыямі вы яго пачалі? Ці ёсць ужо рэчы, якія вас здзівілі ці натхнілі на канцэртах?

С: Так, тур пачаўся. У кожным з гарадоў у нас ёсць людзі, якія даўно сталі нашымі блізкімі сябрамі, і вось гэтыя сустрэчы — вельмі натхняюць.

Не менш натхняльны факт — гэта тое, што мы знаёмімся з цудоўнымі людзьмі, знаходзім усё новых і новых сяброў. А чалавечыя зносіны — такі бясцэнны, такі шыкоўны падарунак Сусвету, што нічога больш дзівоснага, чым ён, не хочацца і шукаць.

Тэкст: Артур Камароўскі