«А што ваша апазіцыя рабіла 20 гадоў?»

Фота: Павел Хадзінскі

Сяргей Навумчык адказвае на калектыўнае пытанне «новадалучаных» да апазіцыйнага руху ў 2020 годзе. Жорстка і па факце.

Пытаньне «А што ваша апазыцыя рабіла 20 гадоў?» (варыянт «Што ваш Пазьняк рабіў 20 гадоў?»), якое гучала ад новадалучаных да палітычнай актыўнасьці ў 2020-м, цяпер, бачу, трансфармавалася: «Што вы рабілі 30 гадоў» і нават — «Што вы рабілі 33 гады?».

Ня ведаю, чаму адлік пачалі з 1990-га. Як цяпер кажуць — ну Ok.

Роўна 33 гады таму, у чэрвені 1990-га, разам зь іншымі дэпутатамі БНФ і сябрамі Сойму БНФ я рабіў праект Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце — як вядома, прыняты ён, з пэўнымі зьменамі, быў 27 ліпеня 1990 году.

У тым жа 90-м, разам з калегам па Апазыцыі БНФ і экспэртамі, удзельнічаў у распрацоўцы Канцэпцыі палітычнай і эканамічнай рэформы (пад яе было намі падрыхтавана некалькі эканамічных і дзяржаваўтворных законапраектаў).

У тым жа 1990-м узначаліў рабочую групу па падрыхтоўцы Закону аб свабодзе выравызнаньня (у склад групы ўваходзіў, сярод іншых, дэпутат Вахрамееў — мітрапаліт Філярэт). У законе гарантавалася роўнасьць УСІХ рэлігійных канфэсіяў і аддзяленьне царквы ад дзяржавы. Закон быў прыняты (і істотна зьменены пры Лукашэнку на карысьць «русского мира» ва ўвасабленьні РПЦ).

У тым жа 1990 годзе як сакратар Камісіі па СМІ і правах чалавека выступіў зь ініцыятывай дэпутацкіх інспэкцый калёніяў і турмаў; тут далёка ня ўсё удалося зрабіць, але там, куды «даходзілі рукі», умовы ўтрыманьня зьняволеных былі палепшаныя. Як прыклад, вельмі станоўчы эфэкт мела наведваньне старшынёй Апазыцыі БНФ Зянонам Пазьняком СІЗА №1 («Валадаркі»).

У 1991-м, разам зь іншымі дэпутатамі Апазыцыі БНФ, у красавіку дапамагаў актывістам рабочага руху падчас красавіцкага страйку, сярод патрабаваньняў якога было наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнай сілы і ліквідацыя КПСС. У жніўні — разам зь іншымі дэпутатамі Апазыцыі БНФ пад кіраўніцтвам Пазьняка — падрыхтаваў пакет законапраектаў для абвяшчэньня Незалежнасьці Беларусі. Як вядома, дэпутаты БНФ дамагліся скліканьня надзвычайнай сэсіі і абвяшчэньня 25 жніўня 1991 году Незалежнасьці, а таксама спыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС.

19 верасьня 1991 году галасаваў за наданьне Бел-Чырвона-Беламу Сьцягу і Гербу «Пагоня» статусу дзяржаўным сымбаляў.

Далей — толькі самае галоўнае.

1992 год — быў членам ініцыятыўнай групы БНФ па зборы подпісаў за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах ВС; было сабрана больш як 442 000 падпісаў, аднак старшыня ВС С. Шушкевіч адмовіўся склікаць сэсію, каб прызначыць і правесьці рэфэрэндум. У выніку застаўся абраны яшчэ пры СССР і КПСС Вярхоўны Савет.

1993 год — разам зь іншымі дэпутатамі і актывістамі БНФ выступіў супраць далучэньня Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД (АДКБ), што было ўцягваньнем краіны ў арбіту ваенных інтарэсаў Масквы (на жаль, 31 сьнежня 1993-га Шушкевіч падпісаў Дамову).

У кастрычніку 1993-га разам зь іншымі дэпутатамі Апазыцыі БНФ запатрабаваў пазбаўленьня Лукашэнкі дэпутацкага мандату за здраду дзяржаве і імкненьне ліквідаваць Незалежнасьць Беларусі.

1994 год — на першых і адзіных (спадзяюся, і апошніх — я за парлямэнцкую рэспубліку) прэзыдэнцкіх выбарах быў разам з Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, віцэ-прэзыдэнтам Акадэміі навук Радзімам Гарэцкім даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Зянона Пазьняка (на пытаньні, якія час ад часу атрымліваю, калі б вярнуцца ў той час, ці падтрымліваў бы я Пазьняка — адказваю: так, безумоўна. Акрамя іншага, гэта быў адзіны шанец Беларусі выйсьці з-пад расейскага ўплыву, які (уплыў) аказаўся згубным і дай Бог каб не фатальным).

У тым жа 1994-м выступіў з трыбуны Вярхоўнага Савету з ініцыятывай стварыць адмысловую камісію для вызначэньня стану псыхічнага здароў’я прэзыдэнта Лукашэнкі і адпаведнасьці яго займаемай пасадзе.

1995 год — у ліку 19 дэпутатаў Апазыцыі БНФ удзельнічаў у галадоўцы супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, зьмене дзяржаўнай сымболікі, інтэграцыі з РФ і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.

І вось тут у мяне будзе пытаньне да «пытальнікаў»: а вы ці (калі былі тады малымі, ці не нарадзіліся яшчэ) вашыя бацькі былі ў ліку тых 200-300 чалавек, якія выйшлі на плошчу нас падтрымаць пасьля зьбіцьця ў Авальнай залі афіцэрамі групы КДБ «Альфа» (усяго ў Дом ураду былі ўведзеныя больш як 600(!) узброеных сілавікоў)?

Былі сярод гэтых некалькіх сотняў — ці ў ліку амаль 2-х мільёнаў жыхароў Менску, якія раніцай 12 красавіка 1995-га былі на пазыцыі «вне политики»?

Ну і наконт «Чым Пазьняк займаўся апошнія 20 гадоў». Я не зьяўляюся членам партыі Пазьняка, думаю, ён у стане сам даць адказ, калі палічыць патрэбным, але паколькі такое пытаньне мне задалі, прыгадаю толькі тое, што бачыў кожны, хто сачыў за ягонымі заявамі.

За два дзесяцігодзьдзі Пазьняк выдаў некалькі дзясяткаў кніг, у якіх, сярод іншага, сфармаваная канцэпцыя нацыянальнага Адраджэньня — яна, упэўнены, прыдасца беларускаму народу хай не цяпер, дык у будучыні. Ну і кожны мог заўважыць, што ўвесь гэты час ён папярэджваў — ды проста, як кажуць, крыкам крычаў — пра небясьпеку спадзяваньняў і палітыкаў, і не палітыкаў на Расею.

У той час як некаторыя іншыя апазыцыйныя палітыкі шукалі ў Маскве падтрымкі ці нават прапаноўвалі праекты «лепшай», чым у Лукашэнкі, «інтэграцыі». Ці, у лепшым выпадку — ігнаравалі фактар расейскай небясьпекі.

Ведаеце, часам і папярэджаньне — вельмі важнае. Як там у казцы — «Ня пі адсюль, брацік, казьлёначкам будзеш!».

І калі брацік усё ж выпіў, дык не таго, хто папярэджваў, у тым віна.

novychas.online