Грамадскі актывіст Артур Фінькевіч эмацыйна выказаўся з нагоды смерці беларускага мастака Алеся Пушкіна. На яго думку, тое, што адбываецца цяпер у Беларусі — гэта этнацыд. І калі грамадства, мабыць, і згоднае «перагарнуць старонку», то рэжым такога шанцу не дае.
Аднаго Беларуса (Алеся Пушкіна) сёння закатавалі ў гарадзенскай крытай турме, а другі беларус, прыехаўшы дадому ў адпачынак, напіша посцік, як жа расквітнела зараз Гародня, якая ў Беларусі смачная і танная кава.
Адзін Беларус (Зміцер Дашкевіч) сёння не выйдзе з турмы, хаця адбыў сваё трэцяе незаконнае пакаранне да канца, а дома яго чакаюць жонка і чацвёра маленькіх дзяцей. А другі беларус пацікавіцца ў групе «Беларусы ў Варшаве», як аформіць ваты на мікрахвалёўку, якую вязе дадому.
Адных беларусаў сёння пасадзяць за іх працу журналістамі, праваабаронцамі, а другія скажуць, што няма чаго лезці ў палітыку, бо яна — справа брудная, а дэмакратыі няма нідзе.
У 2020-м быў страх, што з часам грамадскія настроі вернуцца ў стан «да 2020-га», калі ўсё зацягнецца. Гэтага не адбылося, стала яшчэ горш.
Кожны сам будуе сваё жыццё. Але ўсведамленне таго, што людзі, з якімі зводзіла грамадская дзейнасць, у большасці сваёй альбо ў турмах, альбо, каму пашанцавала, у эміграцыі без магчымасці вярнуцца дадому, спусташае.
Алесь Пушкін — той чалавек, які павінен быў убачыць вольную Беларусь без рэжыму Лукашэнкі. Ён большую частку жыцця змагаўся за гэта, і на вялікі жаль, ужо гэтага не ўбачыць.
Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі — сапраўдны этнацыд, пры якім нацыянальна свядомых беларусаў, якія дзясяткі гадоў сваёй дзейнасцю папулярызавалі беларушчыну, забіваюць.
Поўная і суцэльная несправядлівасць…
Нехта сёння падумае, што можна перагарнуць старонку, некаторыя ўжо перагарнулі, але не лукашэнкаўскія ўлады, якія будуць зараз помсціць беларускаму народу да самага свайго канца.