Беларускі Парыж

Пасля падзей 2020 года ў Беларусі Парыж прыняў сотні і тысячы беларусаў. Але і дагэтуль Парыж неаднойчы ў папярэднія стагоддзі і дзесяцігоддзі рабіўся родным для дзясяткаў, калі не сотняў тысяч ураджэнцаў Беларусі, піша «Новы Час». 

«Пагоня» з надмагілка Уладзіміра і Эвеліны Шыманцоў

Хвалі міграцыі з Беларусі безупынку выкідвалі на бераг Сены ўцекачоў ад царскага, потым бальшавіцкага і, нарэшце, лукашысцкага пераследу. 

Часам размаітасць беларускай тоеснасці і адсутнасць дзяржавы не спрыялі выразнай ідэнтыфікацыі і дакладнай статыстыцы (вызначэнню агульнай лічбы) беларусаў, якія аселі ў Парыжы ды Францыі наогул. Таму размаітымі застаюцца і беларускія мясціны Парыжа. 

Тым не менш, дзякуючы дзейнасці некаторых прынцыповых і адданых беларусаў і беларусак ХХ стагоддзя, асабліва пасля Другой сусветнай вайны, некаторыя мясціны мы цяпер можам лёгка ідэнтыфікаваць і ўнесці ў спіс кропак беларускага маршруту Парыжа. 

Перадусім слынныя беларусы Парыжа робяць для нас французскую сталіцу блізкай і ў пэўнай ступені роднай: Лявон Рыдлеўскі, Мікола і Ніна Абрамчыкі, Віктар Жаўняровіч, Аўген Кавалеўскі, Уладзімір Фінькоўскі, Міхась Наумовіч, Леў Гарошка, Уладзімір Шыманец, Аляксандр Надсан, Івонка Сурвіла, Лявон Шыманец, Барыс Забораў, Мікола Паўлоўскі, Віржынія Шыманец і многія іншыя.

Хоць некаторыя з іх потым звязалі жыцці з іншымі месцамі і краінамі, пэўны час яны актыўна дзейнічалі ў Парыжы: Івонка Сурвіла навучалася ў Сарбоне, айцец Леў Гарошка жыў і служыў у капліцы пад Сен-Сюльпіс у Парыжы.

Эйфелева вежа, Парыж. Выгляд з пляца Тракадэро ля Музея Чалавека, з якім супрацоўнічала ў 80-я — 90-я гады ХХ ст. Ніна Абрамчык

Варта таксама прыгадаць айца Аляксандра Надсана, які хоць і атаясамліваецца перадусім з Лонданам, быў цудоўным франкафонам і часта наведваў Парыж, спыняўся ў слыннай беларускай парыжскай кватэры на вуліцы дэ Гравіе, 65. 

У гэтай кватэры таксам жыў прыгаданы ўжо айцец Леў Гарошка, дзе пачаў выдаваць «Божым шляхам» і складаць беларуска-французскі і французска-беларускі слоўнік. 

Пасля ягонай смерці а. Аляксандр Надсан аднавіў кватэру і зрабіў з яе беларускую капліцу. 

Вуліца дэ Гравіе, 65, Парыж. Тут знаходзілася да 2005 года «беларуская кватэра», у якой пасля Другой сусветнай вайны жылі Мікола і Ніна Абрамчыкі, потым размяшчалася Аб’яднанне беларусаў Францыі, Хаўрусу

У кватэры на вуліцы дэ Гравіе, 65 таксама пэўны час жылі Абрамчыкі. Ніна Абрамчык супрацоўнічала з Музеем Чалавека, што на пляцы Тракадэро, з якога адкрываецца цудоўная панарама на Эйфелеву вежу. На слынных могілках Пер-Лашэз пахавана пара Абрамчыкаў. 

Каля Парыжа ў Сартрувілі жылі пасля вайны беларусы, у прыватнасці, сям’я Шыманцоў. 

Абавязковым пуктам наведвання ў Парыжы, паводле парады айца Аляксандра Надсана, з’яўляецца Інстытут славянскіх даследаванняў пры Сарбоне. 

Як раіў пры жыцці ў Лондане айцец Аляксандр, кожны беларусіст павінен пакорпацца ў архівах Інстытута славянскіх даследаванняў. 

Інстытут славянскіх даследаванняў, Сарбона

Варта зазірнуць і ў бібліятэку Цэнтра Пампіду, дзе ёсць цікавая беларуская палічка. 

А яшчэ цікавыя і рэдкія матэрыялы па беларусістыцы можна адшукаць у Нацыянальнай бібліятэцы Францыі.

Новыя хвалі беларускай эміграцыі пішуць сваю гісторыю, пакуль часта адарваную і ніяк не звязаную з той, што стварылі беларусы ХХ стагоддзя. 

Магіла Міколы і Ніны Абрамчык, Пер-Лашэз

Вельмі часта новая беларуская эміграцыя мае свой культурны код, размаўляе на рускай мове, а таму няма пераемнасці паміж старой беларускай эміграцыяй і новай. 

Мажліва, калісьці іх шляхі скрыжуюцца, мажліва, калісьці будзе напісана новая поўная гісторыя беларусаў Парыжа ды Францыі наогул. А пакуль варта не забыць месцы памяці беларусаў Парыжа ХХ стагоддзя, па якіх пройдуцца новыя пакаленні беларускай эміграцыі і раптам знойдуць сябе ў чужым і адначасова такім родным месцы. 

Зрэшты, мясціны памяці беларусаў Парыжа ХХ стагоддзя застаюцца цікавымі арыенцірамі для цікаўных беларускіх турыстаў, якія шукаюць родныя і адначасова экзатычныя маршруты.

Уладзіслаў Гарбацкі, novychas.online