Рыхтуецца да друку папяровае выданне трэцяй часткі гісторыі пра прыгоды ката Шпрота і ягоных сяброў — “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік” аўтарства Ганны Янкуты. Гэтая кніга ўжо больш за 2 гады існуе ў аўдыёфармаце, але цяпер плануецца папяровая версія ў выдавецтве “Янушкевіч”.
“Нашай камандзе патрэбная падтрымка для падрыхтоўкі макета, і таму добрыя людзі запусцілі на польскай пляцоўцы збор грошай дзеля гэтых мэтаў“, — тлумачыць пісьменніца і перакладчыца Гання Янкута.
Мастачка Лілія Давыдоўская, якая ілюстравала папярэднія часткі кнігі, ужо працуе над афармленнем навінкі. Ахвяраванні пойдуць менавіта на афармленне кнігі.
У якасці падзякі за падтрымку ў канцы кнігі абяцаюць зрабіць асобную ілюстраваную старонку з імёнамі ўсіх, хто на іх данаціў. Калі вы захочаце, каб вашае імя з’явілася на гэтай старонцы, — калі ласка, напішыце пра гэта ў каментары да аплаты.