Фотапартрэты палітвязняў – пенсіянераў і людзей пажылога ўзросту, якія з палітычных прычын апынуліся за кратамі ў Беларусі, прадстаўлены на выставе “Сумленнасць, мудрасць, годнасць” у беластоцкім хабе “Новая зямля”. Экспазіцыя адкрылася ўвечары 7 лістапада, а яе ініцыятарам выступіла Асацыяцыя палітвязняў “Да волі”. Распавядае Уладзімір Лапцэвіч.
Імёны і прозвішчы пажылых палітвязняў з фотапартрэтамі і без вывешаны на сценах хаба. Сярод іх як вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы, напрыклад, Мікола Статкевіч, Рыгор Кастусёў, Уладзімір Мацкевіч, альбо людзі, якія яскрава праявілі сябе падчас беларускай рэвалюцыі 2020 года, напрыклад, Алена Гнаук ці Уладзімір Гундар, так і тыя, хто мала вядомы шырокай грамадскасці. Больш таго, не пра ўсіх вядомыя падрабязнасці і нават няма іх фотаздымкаў.
Выстава прымеркавана да трэцяй гадавіны першага “Маршу мудрасці”, які прайшоў у Беларусі ўвосень 2020 года. Цягам некалькіх месяцаў на падобныя маршы выходзілі людзі сталага веку, каб выказаць свой пратэст дзяржаўнаму гвалту і тэрору. Ідэя правесці выставу з’явілася каля месяца таму, распавядае Рэгіна Лавор, сябра Асацыяцыя палітвязняў “Да волі”.
“Прыблізна месяц таму ўзнікла ідэя падтрымаць палітвязняў-пенсіянераў, людзей сталага ўзросту, і гэта былі мерапрыемствы да гадавіны “Марша мудрасці”, які праходзіў у Мінску, у іншых гарадах Беларусі. Напачатку кастрычніка 2023 года адбыліся мерапрыемствы ў Беластоку, у Варшаве, якія ўздымалі тэму палітвязняў-людзей сталага ўзросту, каб звярнуць увагу грамадскасці, кіраўніцтваў замежных краін на тое, што ў Беларусі вельмі цяжкае становішча ў людзей сталага ўзросту, якія кінутыя за краты, якія не маюць магчымасці лячэння, пазбаўлены медыцынскага забеспячэння. Надалей мы проста вырашылі, што гэта праца не павінна згубіцца, што трэба аб гэтым гаварыць. Трэба, каб людзі бачылі гэтыя фотаздымкі, цікавіліся лёсам гэтых людзей. Таму Беларуская асацыяцыя палітвязняў “Да волі” сумесна з Беларускім хабам “Новая зямля” арганізавалі і правялі гэту выставу. Не ведаю, колькі, але напэўна, якісьці доўгі час гэтыя фотаздымкі будуць знаходзіцца тут у Беларускім хабе і спадзяюся на тое, што ўдзельнікі розных мерапрыемстваў зацікавяцца лёсамі гэтых людзей, знойдуць якіясь магчымасці, каб таксама іх падтрымаць ну хаця б ліставаннем”.
На адкрыцці выставы выступіў і былы палітычны вязень сталага ўзросту з Брэсцкай вобласці, які сёлета пасяліўся ў Беластоку. Ён распавёў пра палітзняволеную Алену Гнаук, некаторыя падрабязнасці брэсцкай “карагоднай справы” і зачытаў верш, напісаны ім падчас знаходжання ў папраўчай установе адкрытага тыпу.
“Я даўно ведаю Алену Гнаук, недзе з 90-х гадоў. Калі мы стаялі ў Пружанах, яна прыбегла да нас на Прыпынак перамен і запыталася, чаго мы там стаім, трэба ехаць у Берасце. У Берасце было першае прымяненне вадамёта, “карагодная справа”, па якой пацярпела вельмі шмат людзей, сярод якіх вельмі шмат пружанцаў, якія таксама сядзелі – хто на “хіміі”, хто на зоне, і многія выехалі з Беларусі за межы краіны.
Алене спачатку далі тры гады “хіміі”, а потым з-за таго, што актыўна сябе паводзіла трапіла на зону. У такім узросце сядзець вельмі складана.
Паводле грамадскага і палітычнага дзеяча Вячаслава Сіўчыка, сапраўдная колькасць палітзняволеных у Беларусі значна адрозніваецца ад таго, што кажуць праваабарончыя арганізацыі.
“Я ведаю больш 200 палітвязняў асабіста. Навогул, колькасць палітвязняў вельмі вялікая. Хутчэй за ўсё іх больш 10 тысяч. Нам не ўдалося да гэтага часу праламіць тую сцяну, якая была створана яшчэ КДБ наконт прызнання палітвязняў. Так робяць, што ў нас увесь час вось гэтая афіцыйная лічба паўтары тысячы і, я баюся, што хутка галаву разаб’ю аб гэту сцяну, бо ніяк не ўдаецца паварушыць. А гэта тысячы і тысячы людзей”.
Адным з такіх дзеянняў у падтрымку палітвязняў сталага ўзросту стала напісанне для іх паштовак ручной работы з нагоды навагодніх святаў. Гэта можна было зрабіць падчас і адразу пасля адкрыцця выставы. Таксама на імпрэзе ў выкананні дзяўчынкі-падлетка, якая з’яўляецца лаўрэатам нацыянальных конкурсаў і фестываляў, прагучалі беларускія цымбалы.
Падрабязней: