Ганна Янкута – беларуская пісьменніца і перакладчыца. Не так даўно яна рашылася, магчыма, на сваю самую смелую падарожніцкую авантуру – купіла квіток, села ў самалёт і цэлых тры месяцы пражыла ў Аргенціне.
Заакіянскую краіну беларуска аб’ехала, а дакладней, абляцела ўздоўж і ўпоперак. Падчас свайго турнэ Ганна Янкута зрабіла каля 10 лакальных пералётаў, спынялася ва Уругваі і Бразіліі. «І нават пабывала ў самай паўднёвай кропцы нашай планеты. Яна таксама знаходзіцца ў Аргентыне. Менавіта адтуль выпраўляюцца экспедыцыі ў Антарктыду», – дзеліцца ўражаннямі Ганна Янкута.
– Мне заўсёды здавалася, што гэта штосьці нечувана складанае – паехаць у Лацінскую Амерыку. А аказалася, што гэта даволі проста, – кажа Ганна. – Бо, напрыклад, беларусам у Аргентыну нават не патрэбная віза. Можна прыехаць на 3 месяцы і адзінае, што спытае памежнік – дзе ты спынішся. Дастаткова даць адрас хостала, гатэля ці арандаванай на Airbnb кватэры. І ўсё!
Таксама ў мяне быў стэрэатып, што гэта жудасна небяспечна. Але ў большасці месцаў мне было вельмі спакойна. Безумоўна, у Буэнас-Айрасе ёсць раёны, куды не варта заходзіць вечарам, але ў цэлым і ў Аргентыне, і ва Уругваі я адчувала сябе ў бяспецы. Увогуле гэта краіны з адкрытымі людзьмі, гатовымі з табой размаўляць. Аргенцінцы – аматары смолтокаў. Гэта ўсё перавярнула мае ўяўленні пра свет. Я ўсвядоміла, наколькі ён вялікі, розны. А яшчэ я зразумела, што ён досыць адкрыты.
Гэтае падарожжа мяне змяніла, бо я спраўдзіла сваю даўнюю мару – паглядзець, як людзі могуць жыць у іншай частцы свету. І я шчаслівая, што ў мяне гэта атрымалася. Цяпер кожную раніцу я прачынаюся шчаслівай, бо разумею: я змагла. І мне здаецца, што калі выйшла рэалізаваць адну мару, то з іншымі марамі таксама з часам усё можа атрымацца.
Працяг гэтай прыгожай гісторыі слухайце ў аўдыё: