Як чытаць традыцыйны арнамент? Ці трэба для гэтага верыць у магію? Ці пасуе андарак да кроп-топа? Колькі каштуе замовіць строй або… лепш паспрабаваць самому? Месца традыцыйнага строю — музей ці гламурны часопіс? (Спойлер — «не» і «не»).

Кацярына — тэлевядучая, музыка, спявачка — просіць не называць яе профі па беларускім традыцыйным строі. Хутчэй — «папулярызатар-практык». Але зусім хутка ў Варшаве адкрыецца выстава з 14 строямі яе працы. А ў Беластоку ўжо працуе «Школа традыцыйнага строю Кацярыны Ваданосавай».

У межах спецпраекта «Сучасная вечнасць» супольна з брэндам Belaruskicry распавядаем пра жанчын, натхнёных вышыўкай.

«Строй — гэта доўга і дорага»

З Кацярынай сустракаемся ў памяшканні ейнай школы ў Беластоку. Занятак ужо скончаны, вучні разыходзяцца. Пасярэдзіне вялікі стол — тут шыюць і вышываюць. Побач «свежая праца», яшчэ не скончаная: кашуля з арнаментам з Гарадзеншчыны.

КВ. «Не праходзіць і тыдня, каб мне нехта не напісаў, каб я яму стварыла строй. Надакучыла тлумачыць: строй — гэта не кашуля, а комплекс, з ног да галавы. Вельмі доўга і дорага. І я не магу дазволіць сабе не спаць начамі, каб вышываць кашулю і выручыць $100. А за $500 не набудуць. Бачу, што цікавасць ёсць, але высілкі ці грошы людзі пакуль закладаць не гатовыя…»

Так і прыйшла ідэя стварыць школу, каб кожны зацікаўлены мог прыйсці, навучыцца ды самастойна зрабіць. Не толькі дзяўчаты, але і хлопцы. Раней гэтая праца лічылася жаночай (хоць мужчыны часам ткалі), але ў наш час — усё магчыма: «Ходзяць і хлопцы, два з іх наогул вышываюць як звяры. Дзяўчатам яшчэ тлумачу, а яны ўжо пытаюць, маўляў, што далей?».

Кацярына кажа, што ўсю дыяспару яна не навучыць, але 20–30 чалавек — чаму не? Поўнасцю выраб строя — мінімум два гады. Не толькі кашуля, але нагавіцы ці спадніца, фартук, пояс, абутак, галаўны ўбор… Калі ўсё будзе гатова, удзельнікі атрымаюць сертыфікаты, а можа — нават зладзяць дэфіле (сама Каця — былая мадэлька).

«Сяброўка сядзела на Акрэсціна, а я вышывала ёй фартук»

КВ. «Неяк мне напісала адна з заснавальніцаў брэнда «Беларускі край» з пытаннем: ці магу я пракансультаваць наконт беларускага арнаменту? Магу. Пасля яны прыехалі, і мы зладзілі неблагі фотасэт і ў строі, і ў сучаснай вопратцы. Іх цікавіў арнамент, а я патлумачыла, што гэта найперш пра вышыўку. Так і пайшло».

Урэшце, з’явілася ідэя праекта «Сучасная вечнасць». Сабралі майстрых, кожная распавяла пра сябе. Вось, напрыклад, профіль + індывідуальная схема вышыўкі ад Кацярыны Ваданосавай: У дадатак — густоўны фотасэт!

Паводле Кацярыны, не варта ўспрымаць арнамент як іерогліфы ці кубікі ў «Майнкрафце». Усё больш складана і цікава, бо нашы продкі карысталіся не лагічным, а міфалагічным мысленнем. У арнамент укладалі міфалагічны сэнс, але ўсё гэта мае значэнне толькі ў комплексе. Незалежна ад таго, ці верым мы ў магію.

КВ. «Неабавязкова вышываць “сімвал дабрабыту”, каб жадаць камусьці дабрабыту. У мяне сяброўка трапіла за краты. Пакуль сядзела на Акрэсціна, я вышывала ёй фартук. Зразумела, што я закладала ўсё добрае, што толькі магла ёй прыдумаць! Чым не сакральная функцыя? Кожны асобны элемент не значыў нічога. Але для мяне і для яе гэта значыла вельмі шмат».

Іншая опцыя арнаменту — рэгіянальная. Гэта нацыянальная ці вузка-лакальная ідэнтычнасць, прывязка да месца нараджэння. Так, ёсць агульныя для ўсяго краю элементы. Але спецыяліст адрозніць арнаментальны «шыфр» з Полаччыны і Берасцейшчыны.

КВ. «Калі мы вышываем строй з радзімы продкаў, то спрычыняемся да родавай ніткі з глыбін вякоў! Гэта і ёсць магія. І калі дзяўчаты з BELARUSKICRY выпускаюць серыю ўпрыгожанняў з арнаментамі, то гэта — ваў! Можна знайсці сваю Наваградчыну ці Усходняе Палессе. Чаму не? Гэта не толькі прывабна, але і адметна, індывідуальна».

«Магу зміксаваць любы элемент адзення»

Але ці пасуе народны строй да гарадской культуры? Ці не ёсць гэта нонсэнс, недарэчная эклектыка?.. Паводле Кацярыны — не.

КВ. «Стаўлюся вельмі пазітыўна! Не бачу кепскага ў тым, каб элементы традыцыі прыносіць у сучаснасць. Так мы пазнаем сваіх сярод чужых, гэта маркер Айчыны. У дадатак, гэта прыгожа! Нават калі ты не супернавуковец і не ведаеш глыбокай традыцыі і значэння. Гэта эстэтыка, якая мае вялікі патэнцыял».

У сучаснасці багата такіх прыкладаў — асобных элементаў, якія прыжыліся ў гарадской культуры. Вышыванка ва Украіне. Каўбойскі капялюш у Штатах. Кілт у Шатландыі ці сармацкі пояс на вяселлях у Польшчы. Кацярына прыводзіць прыклады са свайго жыцця:

КВ. «Магу зміксаваць любы элемент. Вышываная кашуля + джынсы. Саян (такі сарафан) + гольф. Андарак (традыцыйная спадніца) + кроп-топ. Тканы пояс + джынсы. Міксую амаль штодня! Маю знаёмых хлопцаў, якія ўлетку носяць саламяны брыль. Калі дзяўчына тыдзень паносіць «гарлячку» — бісернае традыцыйнае ўпрыгожанне з Неглюбкі — то чаму не? Можа, гэта стане крокам да спасцігання культуры свайго народа».

Пасля 2020-га, паводле Каці, традыцыйны строй у нашым грамадстве — яшчэ і «пра свабоду». Сама яна падчас пратэстаў хадзіла ў строі, не маючы на той час сцяга. Людзі ўсё разумелі і самі праводзілі мяжу: дзе сапраўднае, а дзе — паказуха з удзелам дзяўчат, што сустракаюць расійскіх дэсантнікаў з хлебам-соллю. Кацярына смяецца, маўляў, Вольга Бондарава не апране нацыянальны строй — ніколі.

«Тое, у чым не сорамна прыйсці на ўручэнне Нобелеўскай прэміі!»

КВ. «Традыцыйны строй — гэта і патрыятызм, і кайф. Гарманічнае спалучэнне. Для мяне гэта вялікая радасць. Пасля анкалогіі я задумалася: што застанецца пасля мяне? Буду ляжаць і думаць: чаму не перадала сваіх ведаў, не навучыла людзей?.. Таму і займаюся ўсім — праектамі, музыкай, школай традыцыйнага строю… Набралася як жаба гразі!» (смяецца)

Пераходзім да месца строю ў «светлым заўтра». Пазіцыя, ніша, этнаграфічны музей або глянец?.. Каця прапаноўвае опцыю ўрачыстага адзення. Напрыклад, у Венскую оперу можна зайсці ў вечаровай сукенцы або ў традыцынйм аўстрыйскім дзірндле (сарафан + фартух). Фактычна, гэта эквівалент прыгожага і дарагога адзення, якое цэняць, а ўласнікам — зайздросцяць.

КВ. «Гэта нават не пра глянец. Не пра старонкі часопіса, дзе ўсё — ультрамоднае. Мода мінае. А мне хацелася б, каб традыцыйны строй быў па-за модай. Бо гэта вечнае. Якаснае. Дарагое. Прыгажосць і гонар за сваю Радзіму ў адным флаконе. Тое, у чым не сорамна прыйсці на ўручэнне Нобелеўскай прэміі!».

Р. S. Ужо ў снежні гэтага года ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адбудзецца персанальная выстава строяў, зробленых Кацярынай Ваданосавай. Прысутных чакае выстава (14 строяў), майстар-класы і канцэрт. 

Алесь Кіркевіч, budzma.org,
фота з асабістага архіва Кацярыны Ваданосавай