Пісьменніца Ева Вежнавец — пра маніфестацыю нізасці, чалавечую годнасць і будучыню Беларусі.
— Мы можам выбіраць тое, што мы памятаем і на чым мы асноўваемся. Нельга засяроджвацца толькі на болю і гвалце і на памяці пра гэта, — разважае Святлана Курс (псеўданім Ева Вежнавец) на канале DW.
— Мы б не любілі Беларусь, калі б гэта была проста бітая жанчына з сінякамі. Мы любім Беларусь яшчэ за тое, што яна такая прыўкрасная жанчына.
Стан Беларусі зараз апісваць занадта балюча. Гэтыя людзі робяць усё, каб стаптаць чалавечую годнасць, і гэта, безумоўна, вельмі балюча.
Зараз адбываецца самая сапраўдная інферналія — свята зла. Поўнае панаванне глумлівага зла.
Вось нядаўна кэгэбэшнік нібыта зрабіў маленькую штучку — падвёў усіх людзей, і з якой радасцю і сатысфакцыяй ён раптам з’яўляецца на сцэне, як быццам бы гэта сам Люцыфер.
Вельмі цяжка гаварыць пра гэты глум, маніфестацыю нізасці. Але як мы ведаем дакладна, годнасць чалавека патаптаная быць не можа да таго самага моманту, пакуль ён яе ў сабе мае.
Ты можаш быць збітым, скалечаным, ты можаш прамаўляць навязаныя табе словы ў камеру, але калі ў цябе ўнутры гарыць усё ж такі агеньчык веры, дабра, любові і справядлівасці, нязгоды на зло, датуль ты чалавек.
Узгадваючы пра Украіну, пісьменніца кажа пра расчараванні і надзеі, звязаныя з нашай краінай.
— Немагчыма не сачыць за вайной ва Украіне. Я ніколі не думала, што будзе столькі чыннікаў, ніколі не думала, што будзе такім слабым заходні свет, які ў прынцыпе дастаткова моцны.
І ён бы мог вырашыць гэтую сітуацыю хутчэй, але яны баяцца відавочных рэчаў — дабіваць Расію, таму што дабітая Расія невядома яшчэ чым і кім нам абернецца.
Мне вельмі шкада тых людзей, якія вымушаны прымаць рашэнні. Асабліва мне шкада прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які так счарнеў і пастарэў, які, відавочна, траціць надзею.
Калі гэтыя чыннікі ўмяшаліся, сусветнае зло так ажывілася і абрадавалася, папудрыла носікі і бяжыць на баль, што я цяпер не ведаю, чым гэта скончыцца. Але трэба прымаць правільны бок гісторыі. А гэта не абавязкова з тымі, хто выйграў, гэта з тымі, з кім ты згаджаешся.
Мне абсалютна не па дарозе з гвалтоўнымі дыктатарскімі рэжымамі, у тым ліку тэакратычнымі. Я лепей буду з тымі, хто можа выглядаць не так рашуча, не так паслядоўна.
Бо свабодны чалавек не заўсёды рашучы і паслядоўны. Ён заўсёды мучымы і пхаемы ва ўсе бакі сумневамі. А вось фанатыку заўсёды ўсё ясна, ён ніколі не сумняецца, і гэта некаторыя прымаюць за сілу.
А нашы сумневы — за слабасць. Але на самой справе, калі мы ўзгадаем гісторыю Еўропы, гэта гісторыя чаго заўгодна, толькі не слабасці.
Еўропа моцная — і я ў яе веру. І таму ўсё ж, разважаючы так, я веру ў перамогу дабра над злом, як бы гэта наіўна, глупа і пафасна не гучала.
Калі Украіна пераможа, рэжым Лукашэнкі, безумоўна, скончыцца. У Расіі пачнецца смута, пачнуцца яе вечныя рэчы, калі брат ідзе на брата з калом, а мы можам у гэты час хуценька саскочыць з гэтага возу і пабегчы далёка-далёка, каб яны нас больш ніколі не дагналі.
Каб ніхто не прыязджаў і не камандаваў, што нам пісаць у нашым метро, як нам вучыць нашых дзяцей, каб не саджаў нам дурняў у начальства, а нашых найлепшых сыноў і дачок не саджаў у турмы і не забіваў.
Мы станем гаспадарамі ў сваім доме, чаго мы даўно заслужылі і да чаго мы даўно гатовыя. Мы ўсе экзамены ўжо паздавалі.
І цяпер нам пара жыць у сваім доме, — метафарычна выказвае ўпэўненасць пісьменніца.