Знакаміты раман «Салодкая Даруся» Марыі Маціёс упершыню выйшаў па-беларуску

Выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм» выпусціла кнігу Марыі Маціёс «Салодкая Даруся» па-беларуску.

«Сустракайце! Упершыню па-беларуску — знакаміты раман «Салодкая Даруся» Марыі Маціёс, аўтаркі бэстсэлераў, кнігі якой прадаюцца ва Ўкраіне дзясяткамі тысячаў.

Святлана Алексіевіч чытала кнігу ў арыгінале. Вось што яна піша пра твор адной са сваіх любімых аўтарак:

«Раман украінскай пісьменніцы Марыі Маціёс называюць трагедыяй, адэкватнай ХХ стагоддзю. Перад намі разгортваюцца старонкі прыватнага жыцця на фоне эпічнай ўкраінскай гісторыі. Гэтую кнігу варта сёння прачытаць кожнаму, каб зразумець, чаму нашае мінулае робіцца нашай будучыняй, і падумаць над тым, як выбрацца з гэтай пасткі», — напісана на старонцы выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм» у Фэйсбук.

«Салодкая Даруся» — трагічная і па-майстэрску напісаная сямейная сага, падзеі якой адбываюцца ў 1930-70-х гадах на Букавіне на фоне змены ўладаў і дзяржаўных межаў у драматычныя часы вайны і савецкіх рэпрэсій. Гэта аповед пра жорны гісторыі, якія перамолваюць лёсы двух пакаленняў украінскай сям’і.

Кніга была ўключаная ў спіс ста найлепшых твораў украінскай літаратуры паводле версіі ўкраінскага ПЭН-клубу.

Пераклад кнігі з украінскай на беларускую мову зрабіў Алег Віркевіч. Вокладку намалявала беларуская мастачка Марыя Сыракваш.

Набыць кнігу «Салодкая Даруся» хутка можна будзе на allegro.pl і ў «Кнігаўцы».

budzma.org